Вольга Шарстабітава: Мы гатовыя спыніць працу ў любы момант



Полацкая прадпрымальніца Вольга Шарстабітава распавяла, як у іх горадзе ІП-эшнікаў давялі да адчаю.

Індывідуальныя прадпрымальнікі Полацкага рынку 18 кастрычніка аднавілі працу, якую спынілі 16 кастрычніка. Але калі праверкі кантралюючых органаў адновяцца, адновіцца і забастоўка.

Паралельна ідзе збор подпісаў пад калектыўным зваротам да старшыні Полацкага райвыканкама Мікалая Шаўчука. Копія звароту будзе накіраваная ў Адміністрацыю прэзідэнта.

Вольга Шарстабітава: У нядзелю мы збіралі подпісы, але вырашылі распачаць працу на свой страх і сваю рызыку. У гэты ж дзень з праверкамі прыйшлі толькі да тых, каго пачалі правяраць яшчэ раней. Сёння на рынку – выхадны дзень, а заўтра паглядзім, што будзе з праверкамі. Калі ўсё застанецца па-ранейшаму, то гатовы спыніць працу ў любы момант.

РР: Што стала апошняй кропляй, якая перапоўніла цярпенне прадпрымальнікаў?

— Тое, што кожны дзень людзей дзяўблі і дзяўблі са сваімі праверкамі. Забастоўка ўзнікла стыхійна. Быў такі ўсплёск абурэнне, што людзі станавіліся натоўпам і выкідвалі падаткавікоў з ралетаў. А затым усе разам і вырашылі, што ў такіх умовах лепш не працаваць наогул. Бо заўтра распрануць усіх! Работнікі падатковай інспекцыі кажуць, што ў нас не канфіскоўваюць тавар, а “накладаюць на яго арышт”. Затым забіраюць дакументы, справу накіроўваюць у суд, слова – за апошнім. Суд вырашае, ці канфіскоўваць тавар і вызначае памер штрафу. Дык вось з вопыта апошніх праверак ІП-эшнікаў нікому тавар асабліва не вярталі, а штрафы давалі такія, што людзі проста непакояцца за сваю маёмасць. Падаткавікі спасылаюцца, што ім, згодна з заканадаўствам, неабходна праводзіць праверкі. А хто пра нас думае? Мы напісалі зварот да ўладаў, няхай разбіраюцца. Яшчэ і наваполацкія прадпрымальнікі далучаюцца да нас, таксама падпісваюцца пад лістом.

РР: Вы сустракаліся з прадстаўнікамі райвыканкама?

— Так, але размова была, як кажуць, ні пра што. Чыноўнікі стаялі на сваім, мы – на сваім. Першыя заявілі, што яны не ўпаўнаважаны змяняць законы, а могуць толькі паведаміць пра нашы сігналы наверх. Таму, сітуацыя пакуль нявызначаная. Збіраем подпісы і паглядзім, як павядуць далей сябе кантралюючыя органы. Закрыцца мы можам у любы час. Людзі бачаць, што лепш ужо не працаваць, чым плаціць такія вялізныя штрафы.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: svaboda.org