Вольга Шарстабітава: Некаторыя прадпрымальнікі з’язджаюць у Расею



«ІП-эшнікі сёння пастаўлены ва ўмовы выжывання», — адзначае полацкая прадпрымальніца Вольга Шарстабітава.

Вольга Шарстабітава: Асабіста я пакуль не працую, бо суджуся з дырэктарам рынка. А многія калегі, наколькі вядома мне, выйшлі на працу на свой страх і рызыку. Хоць, шчыра кажучы, дакладна і не ведаю, дзе і хто бярэ дакументы на тавар. Праверак зараз амаль няма, таму невядома, ці правільныя тыя паперы. Чалавек, можа быць, думае, што ў яго нармальныя дакументы, а падаткавікі высветляць, што гэта не так. Іншая справа, што гандаль цяпер вельмі слабы. І многія яшчэ спадзяюцца на чарговы форум прадпрымальнікаў. Магчыма, там з’явяцца нейкія новыя надзеі і спадзяванні.

РР: Ці ёсць тыя, хто вырашыў спыніць свой бізнес альбо з’ехаць на працу ў іншыя краіны?

Так, некаторыя наогул сышлі з рынкаў, бо не бачаць у гэтым бізнесе ніякіх перспектыў. ІП-шнікі сёння пастаўлены ва ўмовы выжывання. А хтосьці з’ехаў працаваць у Расею. Там могуць зарэгістравацца індывідуальным прадпрымальнікам альбо знайсці знаёмых ці блізкіх ды на іх аформіць бізнес. Людзі «круцяцца», трэба ж нейкім чынам карміць сям’ю. Наколькі мне вядома, там прасцей працаваць. У тых жа расейскіх гандлёвых цэнтрах нават не патрабуюць касавыя апараты. Спакойна гандлююць, ніякіх праверак… А ў нас зрабілі з ІП-эшнікаў нейкіх зладзеяў, якія толькі сабе кішэні набіваюць. Тое, што людзі працуюць ад раніцы да вечара і амаль без выхадных, ствараюць у краіне працоўныя месцы – нікога не цікавіць.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя