Воршу і Барань хочуць аб’яднаць да 2025 года
Паводле генеральнага плану Воршы, ужо да 2025 года плануецца аб’яднанне 117-тысячнай Воршы і 11-тысячнай Барані.
Аднак пра такія планы абсалютна не папярэдзілі жыхароў Барані. Гараджане не былі запрошаныя на абмеркаванне генеральнага плану, якое вялося так, нібы гэта выключна аршанская справа. Гэта выклікае абурэнне, кажа грамадскі актывіст Віктар Міхасёў:
– Было да 2025 года запланавана аб’яднанне. Праводзіцца грамадскае абмеркаванне генеральнага плана Воршы, але ў назве няма горада Барань. Грамадскія абмеркаванні не праводзіліся ў самім горадзе Барань, хоць статус горада ніхто не ліквідаваў. Ніхто ў жыхароў горада яшчэ не запытаў ці хочуць яны далучацца да Воршы ці не, а меркаванне жыхароў пры гэтым абавязкова ўлічваецца. План гарадскога пасёлка Балбасава, напрыклад, распрацаваны і абмяркоўваўся. Праігнараваць жыхароў Барані для аршанскай улады – гэта норма.
Супраціву аб’яднанню двух гарадоў яшчэ варта чакаць, раней, напрыклад, аб’ядноўвацца не захацелі жыхары пасёлка Бабінічы, якія вырашылі застацца самастойнай адзінкай і не рабіцца адным з раёнаў Воршы. Таксама Віктар Міхасёў дадаў, чым жа, паводле генеральнага плану, чыноўнікі хочуць запоўніць немалую тэрыторыю паміж гарадамі Ворша і Барань, каб утварыць з іх адзінае цэлае:
– Тут знаходзіцца цудоўнае возера Шчэцінка. Вакол возера хочуць зрабіць ці то вайскова-спартовую, ці то спартовую зону. Будзе пракладзена гарадская магістраль – дзве паласы па 8,5 метраў з раздзяляльнай паласой, ходнікамі, роварнымі сцежкамі. Будуць аддавацца ўчасткі на прыватнае будаўніцтва ну і плюс запланавана шматпавярховае будаўніцтва.
Праект аб’яднання Воршы і Барані нарадзіўся не сёння, яшчэ ў 90-я былі такія ідэі. Але ўспрымаліся яны як аддаленая перспектыва. Цяпер жа амбітныя планы ўладаў збудаваныя так, каб злучыць два гарады цягам бліжэйшых пяці гадоў.
Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя