ВРП у студзені-красавіку знізіўся ва ўсіх абласцях Беларусі
Валавы рэгіянальны прадукт (ВРП) у студзені-красавіку 2020 года ў параўнанні з такім жа перыядам 2019-га знізіўся ва ўсіх абласцях краіны, вырас — толькі ў Менску, сведчаць звесткі Белстата.
Месяцам раней зніжэнне ВРП было адзначана толькі ў трох абласцях краіны (Віцебскай, Гомельскай, Менскай), рост — у Менску, Берасцейскай, Гарадзенскай і Магілёўскай абласцях.
Па выніках студзеня—красавіка ў Віцебскай вобласці ВРП знізіўся на 2,4% і склаў 2 млрд 989,5 млн рублёў (доля ў ВУП — 7,3%). У Гомельскай вобласці — на 3,2%, дзе склаў 3 млрд 999,9 млн рублёў (9,7%). У Менскай вобласці ВРП знізіўся на 3,3% і склаў 6 млрд 266,3 млн рублёў (15,2%).
У Гарадзенскай вобласці ў студзені—красавіку бягучага года ВРП знізіўся на 0,9% да 3 млрд 146,6 млн рублёў (7,7% да ВУП), у Берасцейскай — на 1% да 3 млрд 674,2 млн рублёў (8,9%), Магілёўскай — на 0,7% да 2 млрд 673 млн рублёў (6,5%).
У Менску ВРП павялічыўся на 0,7% да 11 млрд 421,3 млн рублёў (27,8% да ВУП).
Неразмеркаваная частка склала 16,9% ВУП.
Як паведамлялася, у цэлым ВУП за студзень—красавік 2020 года знізіўся на 1,3% і склаў 41 млрд 91,5 млн рублёў.
Па выніках 2017 і 2018 гадоў ВРП павялічыўся ва ўсіх рэгіёнах. У 2019-м павялічыўся ў Менскай, Магілёўскай і Берасцейскай абласцях, а таксама ў Менску. У Гомельскай і Віцебскай абласцях ВРП не змяніўся, у Гарадзенскай — знізіўся.
belapan.by