ВУП Беларусі ў 2016 годзе знізіўся на 2,6%
Валавы ўнутраны прадукт у 2016 годзе скараціўся на 2,6% у параўнанні з 2015 годам. Мінулы год стаў другім запар у гісторыі незалежнай Беларусі, калі ў краіне назіраецца рэцэсія.
Паводле даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта, у грашовым выражэнні ВУП склаў 94,3 млрд рублёў. Асноўны ўклад у адмоўную дынаміку галоўнага макраэканамічнага паказчыка ўнесла прамысловасць — аб’ём прамысловай вытворчасці знізіўся за год на 0,4%.
У 2015 годзе валавы ўнутраны прадукт скараціўся на 3,8%.
Варта зазначыць, што і ў 2015, і ў 2016 годзе ўрад прагназаваў эканамічны рост. Паводле афіцыйных планаў уладаў, у 2015 годзе эканамічны рост у краіне павінен быў скласці не менш як 0,2%, у 2016-м — не менш за 0,3%. На 2017 год ізноў запланаваны рост — на 1,7%.
Між тым міжнародныя фінансавыя арганізацыі, з якімі ўлады Беларусі вядуць перамовы пра атрыманне новых крэдытаў, чакаюць працягу рэцэсіі. Так, згодна з прагнозам Міжнароднага валютнага фонду, у 2017 годзе ВУП знізіцца на 0,5% і вялы эканамічны рост у Беларусі можа аднавіцца толькі ў наступным годзе.
Падобнага прагнозу прытрымліваецца Сусветны банк, які лічыць, што ВУП Беларусі ў 2017 годзе можа знізіцца на 1%.
Аналагічнае меркаванне ў дачыненні да перспектыў беларускай эканомікі мае і расійскі „Ашчадбанк”. Паводле ацэнкі Цэнтра макраэканамічных даследаванняў „Ашчадбанка”, рэцэсія ў Беларусі сёлета будзе працягвацца і ВУП знізіцца на 0,2%, а вялы эканамічны рост (на 0,8%) магчымы толькі ў 2018 годзе.
На думку практычна ўсіх фінансавых арганізацый, якія аналізуюць сітуацыю ў Беларусі, галоўным абмежавальнікам, які стрымлівае развіццё беларускай эканомікі, выступае дзяржаўны сектар, ад тэмпаў яго рэфармавання залежыць будучыня краіны.
„Пытанне рэфармавання дамінуючага ў эканоміцы дзяржсектара стаіць як ніколі востра”, — мяркуюць аналітыкі расійскага „Ашчадбанка”.
На іх думку, на перспектывы беларускай эканомікі сёння таксама негатыўны ўплыў мае расійскі фактар. „Эканамічны крызіс у Расіі заўсёды балюча б’е па беларускай эканоміцы. Каналы такога ўплыву ўключаюць у сябе і паслабленне знешняга попыту, і зніжэнне магчымасцяў Масквы па аказанні падтрымкі краіне-суседцы. Летась сітуацыя ўскладнілася нафтагазавым канфліктам, у выніку якога Расія рэзка знізіла аб’ёмы паставак у Беларусь нафты”, — нагадваюць аналітыкі „Ашчадбанка”.
БелаПАН