ВУП Беларусі за два месяцы года ўпаў на 3,6%
ВУП Беларусі па выніках студзеня-лютага 2023 года склаў 30,25 млрд рублёў у бягучых цэнах. Ён знізіўся на 3,6% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Піша „Наша ніва”.
У студзені падзенне паказчыка складала 5%. Прадукцыйнасць працы па ВУП знізілася на 3,4% да 3813,8 рубля.
Вытворчасць сельгаспрадукцыі ў лютым склала 1,42 млрд рублёў ва ўсіх катэгорыях гаспадарак. Яна вырасла на 2,3% у параўнанні з аналагічным месяцам мінулага года. У сельгасарганізацыях лютаўскі прырост склаў 2,6% да 1,39 млрд рублёў. У цэлым за два месяцы ва ўсіх катэгорыях гаспадарак было выраблена прадукцыі на 3 млрд рублёў, што на 2,9% больш, чым за той жа перыяд 2022-га, а ў сельскагаспадарчых арганізацыях — на 2,95 млрд рублёў, або на 3,2%, больш.
Вытворчасць жывёлы і птушкі ў лютым вырасла на 2,7% да 135,8 тысячы тон у жывой вазе, а за два месяцы — на 4,3% да 285,4 тысячы тон. Надоі ў лютым склалі 605,1 тысячы тон, што на 4% больш, чым год таму. За два месяцы яны павялічыліся на 3,8% да 1,26 млн тон.
Прамысловая вытворчасць у лютым склала 14,16 млрд рублёў. Яна вырасла на 0,5% у параўнанні з лютым 2022 года. За два месяцы вытворчасць у прамысловасці скарацілася на 1,8% да 28,28 млрд рублёў. Складскія запасы зноў выраслі і дасягнулі 9,05 млрд рублёў, што з’яўляецца рэкордным паказчыкам. Іх узровень склаў 78,2% ад сярэднямесячнага аб’ёму вытворчасці.
Інвестыцыі ў асноўны капітал у мінулым месяцы склалі 2,04 млрд рублёў. Яны знізіліся на 4% у параўнанні з мінулым годам. Скарачэнне інвестыцый за два месяцы склала таксама 4%. Яны дасягнулі без малога 4 млрд рублёў.
У лютым было ўведзена ў эксплуатацыю 276, 5 тыс. кв. м жылля агульнай плошчы, што на 1, 2% больш, чым за аналагічны месяц мінулага года. Пры гэтым будаўніцтва з дзяржпадтрымкай скарацілася на 5,8% да 83,9 тыс. кв. м. Па выніках двух месяцаў будаўніцтва жылля знізілася на 12,6% да 588,2 тыс. кв. м, у тым ліку з дзяржпадтрымкай — на 14,9% да 184,5 тыс. кв. м.
Грузаабарот упаў за студзень-люты на 33,6% да 10,88 млрд тона-кіламетраў. Пасажырскія перавозкі павялічыліся на 3,9% да 253,6 млн чалавек.
Абарот аптовага гандлю ў лютым склаў 11,48 млрд рублёў. Ён знізіўся ў параўнанні з лютым 2022 года на 5,1%. За два месяцы аптовы гандаль страціў 13,3%. Яго абарот склаў 21,78 млрд рублёў.
Лютаўскі абарот розніцы склаў 5,18 млрд рублёў. Ён скараціўся за год на 4,1%. Па выніках двух месяцаў абарот рознічнага гандлю ўпаў на 3,5% да 10,5 млн рублёў.
У грамадскім харчаванні абарот пакуль расце. У лютым ён склаў 340 млн рублёў, што на 6,4% больш, чым за аналагічны месяц 2022 года. У студзені-лютым паказчык вырас на 6% да 699,5 млн рублёў.