ВУП Беларусі за сем месяцаў упаў на 5,2%
Валавы ўнутраны прадукт Беларусі ў студзені-ліпені ўпаў на 5,2 працэнта ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Індэкс-дэфлятар склаў 116,8 працэнта. У бягучых коштах ВУП склаў 104,6 млрд рублёў.
Нагадаем, па выніках паўгоддзя падзенне ВУП складала 4,2%. Прагнозам сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны пры гэтым быў закладзены рост 2,9 працэнта. Пры гэтым міжнародныя арганізацыі ацэньваюць падзенне валавога ўнутранага прадукту Беларусі па выніках года 6,4-6,5 працэнта.
Вытворчасць сельгаспрадукцыі па выніках сямі месяцаў абвалілася на 10,4% да 12,2 млрд рублёў ва ўсіх катэгорыях гаспадарак, а ў сельгасарганізацыях – таксама на 10,4% да 11,7 млрд рублёў. Зніжэнне паказчыкаў у аграрнай сферы абумоўлена больш раннім пачаткам уборачнай у мінулым годзе, што абумовіла высокую базу для параўнання. Пры гэтым у жніўні можна чакаць паляпшэння статыстыкі, бо ўраджай сёлета будзе большы за леташні.
Вытворчасць жывёлы і птушкі ў жывой вазе за сем месяцаў склала крыху больш за 1 млн т, малака – 4,6 млн т, а яек – больш за 2 млрд штук.
Прамысловая вытворчасць за сем месяцаў скарацілася на 6,2% да 95,2 млрд рублёў. Яна знізілася ва ўсіх галінах, за выключэннем горназдабыўной прамысловасці, дзе адзначаецца прырост 2,2%. Апрацоўчая прамысловасць скараціла аб’ёмы вытворчасці на 7,1 працэнта. Пры гэтым найбольшае падзенне прамвытворчасці назіралася ў Менскай вобласці. Яно скарацілася на 14,7 працэнта.
Рознічны тавараабарот за сем месяцаў скараціўся на 1,5% да 37,9 млрд. рублёў, у тым ліку ў арганізацыях гандлю — на 0,7% да 35,4 млрд. рублёў. Аднадзённы раздробны таваразварот у разліку на душу насельніцтва з пачатку года склаў 19,2 рубля супраць 16,8 рубля за аналагічны перыяд папярэдняга года.
Аптовы гандаль скараціўся на 15,7% да 77 млрд рублёў, а абарот грамадскага харчавання вырас на 1,4% да 2,2 млрд рублёў.