ВУП Беларусі за студзень—лістапад павялічыўся на 2,2%
У студзені—лістападзе 2017 года валавы ўнутраны прадукт у Беларусі, згодна з першай ацэнкай Белстата, склаў 96,1 рубля ў бягучых цэнах. У параўнанні з такім жа леташнім перыядам ён вырас на 2,2%.
У першым квартале ВУП павялічыўся на 0,3%, за пяць месяцаў прырост складаў 0,9%, за паўгоддзе — 1%, за студзень—ліпень — 1,1%, за студзень—жнівень і студзень—верасень — па 1,7 %, за студзень—кастрычнік — 2%.
Першапачаткова ў 2017 годзе рост ВУП быў запланаваны ўладамі на ўзроўні 1,7%.
Паводле ацэнкі Міжнароднага валютнага фонду, беларускі ВУП у гэтым годзе вырасце на 1,7%. Згодна з абноўленым прагнозам Сусветнага банка, валавы ўнутраны прадукт Беларусі ў 2017 годзе вырасце на 1,8%.
На 2018 год урад плануе рост ВУП на 3,4%. „Мы сталі на трэнд аднаўленчага росту. Гэта яшчэ не той рост, які нас можа задаволіць, але самае галоўнае, што мы збалансавана ідзем наперад. На 2018 год, зрабіўшы нядрэнны падмурак ў 2017 годзе, ставім больш амбіцыйныя задачы — валавы ўнутраны прадукт прагназуем ў 103,4%”, — сказаў міністр эканомікі Уладзімір Зіноўскі ў нядаўнім інтэрв’ю тэлеканалу ОНТ.
Пры гэтым міністр адзначыў, што гэты паказчык крыху вышэйшы за сусветныя тэндэнцыі (2,3—3% у год). „Мы павінны, як і дамаўляліся, як і прагназавалі, да 2020 года на працягу пяцігодкі вырасці на 12,1—15%”, — дадаў міністр. БелаПАН