Вячаслаў Піліпук: ІП-эшнікі выходзяць на працу



Намеснік старшыні РГА «Перспектыва» Вячаслаў Піліпук распавядае пра тое, у якіх умовах сёння даводзіцца працаваць прадпрымальнікам.

Вячаслаў Піліпук: ІП-эшнікі выходзяць на працу, бо патрэба прымушае. Акрамя таго, пакуль прадпрымальнікі знаходзіліся дома, ім даводзілася ўвесь гэты час плаціць за арэнду, бо баяліся згубіць свае месцы, якія ўжо напрацавалі за апошнія 10-20 гадоў. Нехта проста выйшаў на рынкі на свой страх і рызыку. А кагосьці, магчыма, натхніў той станоўчы прыклад, дасягнуты ў Вярхоўным судзе, які быў вынесены на карысць прадпрымальніцы Таццяны Паляковай. У яе канфіскавалі тавар, але вышэйшай інстанцыя стала на бок ІП-эшніцы. Атрымалася такая сітуацыя, што людзі, якія маюць на руках маскоўскія дакументы, сталі таксама спакойна выходзіць на працу. І гэтае судовае рашэнне павінна зараз стаць своеасаблівым індыкатарам. Чынавенствам ніякіх кардынальных рашэнняў па прадпрымальніках не прымаецца, але, тым не менш, гісторыя з Паляковай можа паказаць, як будзе весці сябе зараз падатковая інспекцыя. Калі падаткавікі не абскардзяць рашэнне Вярхоўнага суда, то тады можна сказаць, што гэта ў пэўнай ступені “саламонавае” рашэнне ў адносінах да ІП, калі ўлада выйшла з сітуацыі і пры гэтым захавала твар. Альбо гэта прафесійная праца адваката, або абараняў Палякову вельмі моцны юрыст. 

РР: Адным словам, улада паказала прадпрымальнікам, што можна выходзіць на працу?

Вячаслаў Піліпук: Так, і акрамя гэтага здымаецца сацыяльна-пратэстная напружанасць у грамадстве – спыняюцца санкцыянаваныя і несанкцыянаваныя акцыі пратэсту. Людзі выходзяць на працу, пачынаюць плаціць падаткі, арэнду, у гэты працэс ізноў уцягваюцца лагістыка, банкаўская і транспартная сферы. З іншага боку ўлада ўсё роўна пакідае за сабой права пайсці з праверкамі, а бюджэту грошы патрэбны. Тым больш, у пераважнай большасці тыя прадпрымальнікі, у якіх забіраюць тавар, у суды не звяртаюцца. Такая ўжо ментальнасць нашых грамадзян. Таму пачакаем, якое слова скажуць у бліжэйшай будучай падаткавікі.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя