Вячаслаў Піліпук: Летам прадпрымальнікі задыхаюцца
“Многія ІП-эшнікі ў летні сезон спынілі працу”, – распавядае актывіст “Перспектывы”, сталічны прадпрымальнік Вячаслаў Піліпук.
Вячаслаў Піліпук: З-за крызісу пакупальніцкая здольнасць насельніцтва і так была вельмі нізкая, а ў летні сезона яна яшчэ больш знізілася. Мы праводзім маніторынг гандлёвых цэнтраў і бачым сумную карціну – пакупнікоў няма, а многія прадпрымальнікі спыняюць сваю дзейнасць. Зараз намі рыхтуюцца прапановы, каб улады на заканадаўчым узроўні адмянілі ўсе планавыя праверкі хаця б да 2016 году і знізілі падаткі. Гандлёвыя цэнтры хутка будуць зусім пустымі, арэндадаўцы гэта бачаць і зніжаюць стаўку арэнднай платы. І нават гэта не выратоўвае сітуацыю. А ўлічыце, што па краіне чакаецца адкрыццё яшчэ каля 15 гандлёвых цэнтраў, большая частка якіх будзе знаходзіцца ў Менску. Хто там будзе працаваць?
РР: Ці спраўляюцца ІП-эшнікі з паэтапным павышэннем падаткаў?
Вячаслаў Піліпук: У сёняшніх эканамічных умовах гэтыя падаткі – што гантэлі на нагах. Падаткі пастаянна растуць, а попыт на тавар зніжаецца.
РР: За кошт чаго выжываюць прадпрымальнікі?
Вячаслаў Піліпук: Большасць альбо працуюць “на нуль”, альбо распрадаюць астаткі прадукцыі, каб забраць свае абаротныя сродкі. Многія сыходзяць у адпачынак хаця б на два месяцы з тым, каб паглядзець, якая сітуацыя будзе пасля гэтага.
РР: Надзея на адражэнне прадпрымальніцкага руху застаецца?
Вячаслаў Піліпук: Усё магчыма, калі прадпрымальнікі і прадстаўнікі ўлады сядуць за стол перамоваў і спакойна пачнуць шукаць выхад з гэтай сітуацыі. Трэба, каб улада зразумела, што на сёняшні дзень малы і сярэдні бізнэс – гэта тыя людзі, які здольныя ажывіць эканоміку. У Беларусі зараз спыняюць працу прадпрыемствы, валютны рынак пачаў рух… Бачна ж, што планава-адміністратыўная мадэль эканомікі не працуе. Неабходна пераходзіць на рынкавыя адносіны. І тут лакаматывам якраз і могуць паслужыць прадпрымальнікі. Проста ім трэба стварыць умовы, а яны сваёй прадпрымальнасцю пачнуць прапаноўваць свае ідэі для таго, каб усім было добра. Хіба дрэнна, калі ў краіне ствараюцца новыя працоўныя месцы?
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя