Вячаслаў Піліпук: Малы бізнес кідаюць з кута ў кут



Намеснік старшыні РГА «Перспектыва» Вячаслаў Піліпук лічыць, што кропкавыя праверкі прадпрымальнікаў падаткавікамі могуць павялічыцца.

Вячаслаў Піліпук: Пасля таго, як Вярхоўны суд прыняў рашэнне, што маскоўскія дакументы, якія выдаваліся беларускім прадпрымальнікам, адпавядаюць нормам, а значыцца ІП-эшнікі могуць іх выкарыстоўваць, народ пасмялеў і выйшаў працаваць па тых суправаджальных дакументах, якія ім даюць у Расеі. Да таго ж, многія расейскія вытворцы і імпарцёры на тэрыторыі РФ самі зрабілі сертыфікаты. Таму сёння ў часткі беларускіх прадпрымальнікаў ёсць сертыфікаты, але ёсць і тыя, хто працуе па дробязі на свой страх і рызыку.

РР: Ці ёсць нейкія праверкі, канфіскацыі тавару?

Праверкі перыядычна ідуць, і асабіста мой прагноз — яны будуць павялічвацца. Усё-такі бюджэту неабходны грошы ў выглядзе не толькі падаткаў, але і штрафаў. Чыноўнікі разумеюць, што не ва ўсіх прадпрымальнікаў усё гладка на паперы, заўсёды можна прыйсці да кагосьці з праверкай і нешта знайсці. Таму ў рэгіёнах мае месца частковая канфіскацыя тавару. Але варта адзначыць, што не ўсе ІП-эшнікі пасля гэтага ідуць у суд.

РР: Наколькі такая сітуацыя стабільная?

Яна можа хіснуцца ў той ці іншы бок у любы момант. Іншая справа, што ўлада ўбачыла — прадпрымальнікі, калі іх моцна прыціснуць, гатовыя да пратэстаў, а таму, магчыма, масавых праверак і не будзе. Не выключаю, што падаткавікі будуць рабіць кропкавыя праверкі, і яны, як ужо казаў, будуць працягвацца і, думаю, нават павялічацца.

РР: ІП-эшнікаў такая сітуацыя задавальняе?

— Натуральна, не задавальняе. Ёсць такі выраз: бізнес любіць цішыню. Развіццё і эканомікі ў краіне, і прадпрымальніцкага руху залежыць ад стабільнасці ў заканадаўстве, каб бізнес-клімат быў упэўнены. Каб малы бізнес не кідала з кута ў кут, а была ўпэўненасць у заўтрашнім дні.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя