Вячаслаў Піліпук: Умовы павінны быць роўнымі для ўсіх
Намеснік старшыні РГА “Перспектыва” Вячаслаў Піліпук распавядае, ці выраўняліся ўмовы працы для беларускіх і азіяцкіх прадпрымальнікаў.
Нагадаем, што ў званы беларускія прадпрымальнікі пачалі біць не сёння. Яны распавядалі, што ў Менску і рэгіёнах масава сталі з’яўляцца тавары на кірмашах ад азіяцкіх гандляроў, пераважна грамадзян Кыргызстана. Пры гэтым у апошніх нярэдка наогул адсутнічалі дакументы на тавар.
Вячаслаў Піліпук: Пасля таго, як мы звярнулі ўвагу на праблему, антыманапольныя органы даслалі нам адказ, што яны праверылі азіяцкіх прадпрымальнікаў і знайшлі некаторыя парушэнні правіл вядзення гандлю. Былі праблемы з сертыфікатамі, тавар не прабіваўся праз касавы апарат… Хаця азіяты працуюць па-ранейшаму, іх дзейнасць не прыпынена. Магчыма, ім далі рэкамендацыі ліквідаваць парушэнні. Зразумела, што проста так беларускі рынак яны не пакінуць, бо маюць за кошт нізкіх цэнаў добры прыбытак.
РР: Адным словам, зараз яны працуюць на законных падставах?
Вячаслаў Піліпук: У гэтай сітуацыі ёсць адзін цікавы момант. Справа ў тым, што замежным грамадзянам дазваляецца некалькі дзён у месяц гандляваць без дакументаў. Вось некаторыя і карыстаюцца гэтым. Некалькі дзён адзін гандляр з Азіі працуе без дакументаў, затым яго змяняе іншы, і так па ланцужку. Таму мы па-ранейшаму будзем грукацца ва ўсе дзверы, каб пераламіць сітуацыю, бо беларускія прадпрымальнікі знаходзяцца ў дыскрымінацыйным стане. Мы не супраць, каб азіяцкія гандляры працавалі ў Беларусі, але ўмовы для працы павінны быць роўнымі для ўсіх. Трэба паважаць тыя правілы і законы, якія ўстаноўлены для ўсяго прадпрымальніцкага асяродку.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя