Вялікабрытанія ўвяла высокую пошліну на імпарт прадукцыі з Беларусі
Вялікабрытанія ўвяла дадатковую пошліну ў памеры 35% на ўвоз найбольш значнай у знешнім гандлі Беларусі прадукцыі. Гэтае рашэнне прынята ў рамках санкцый супраць Расеі і Беларусі ў сувязі з вайной ва Украіне.

15 сакавіка Вялікабрытанія пашырыла санкцыі супраць Расеі і Беларусі. Сярод прынятых мер было ўвядзенне дадатковай 35-працэнтнай пошліны на імпарт тавараў з гэтых краін, агульны кошт на 900 млн фунтаў стэрлінгаў (каля 1,1 мільярда даляраў). Мэта гэтых мер – абмежаванне імпарту з дзвюх краін.
„Новыя тарыфы яшчэ больш ізалююць расейскую эканоміку ад сусветнага гандлю, гарантуючы, што яна не атрымае выгады ад заснаванай на правілах міжнароднай сістэмы, якую яна не паважае”, – заявіў тады канцлер казначэйства Вялікабрытаніі Рышы Сунак.
Вялікабрытанія абнавіла правілы для імпарту прадукцыі ў краіну. З іх вынікае, што дадатковая пошліна закранула і беларускія тавары, прычым тыя, якія былі лідарамі па экспарту ў гэтую краіну. Абмежаванне закранула ўвоз драўніны, папяровага і кардоннага пакавання, чорных металаў і вырабаў з іх, прадукцыі з алюмінія і свінцу, камплектуючых для электрарухавікоў і генератараў, неармаванага шкла.
