Вялікай шкоды ад харчовых контрсанкцый Беларусі ў Польшчы не чакаюць
У Польшчы не чакаюць вялікай шкоды ад харчовых контрсанкцый Беларусі. Пра гэта ў інтэрв’ю агенцтву pap заявіў міністр сельскай гаспадаркі і віцэ-прэм’ер Генрык Кавальчык. Ён мяркуе, што „хутчэй Беларусь наносіць сабе шкоду гэтым эмбарга” і не верыць, што яно працягнецца „занадта доўга”. Пры гэтым Кавальчык прызнае, што польскі бок не мае падрабязнай інфармацыі пра беларускія контрсанкцыі.
Харчовыя контрсанкцыі Беларусі пачалі дзейнічаць з 1 студзеня як адказ на пяты пакет санкцый ЕЗ. Урад зацвердзіў на 6 месяцаў спіс прадуктаў з „недружалюбных” ЕЗ, ЗША, Канады, Вялікабрытаніі і іншых краін, якія нельга ўвозіць і прадаваць. Сярод іх ёсць і яблыкі.
Генрык Кавальчык звяртае ўвагу, што Беларусь у польскім экспарце харчавання складае толькі 0,6%. „Усё больш польскіх яблыкаў адпраўляецца ў іншыя краіны”, — адзначае ён.
Беларускі прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка раней заявіў, што харчовыя контрсанкцыі Беларусі — гэта $500 млн імпарту за год. Урад даваў даручэнне, каб імпарцёры „хутка пераарыентаваліся на замяшчэнне таварамі з іншых краін”. У ЕЗ беларускі адказ на еўрапейскія санкцыі ацанілі як складаны і непразрысты механізм.
Беларускае Радыё Рацыя