„Вялікі камень” атрымае новыя падатковыя льготы
Указ прэзідэнта аб стварэнні найлепшага прававога рэжыму ў Кітайска-беларускім індустрыяльным парку прадугледжвае для яго рэзідэнтаў новыя падатковыя льготы. Гэта вынікае з апублікаванага на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале ўказа №166 „Аб удасканаленні спецыяльнага прававога рэжыму Кітайска-беларускага індустрыяльнага парку „Вялікі камень”.
У прыватнасці, рэзідэнты парку вызваляюцца ад падатку на прыбытак у дачыненні да прыбытку, атрыманага ад рэалізацыі тавараў (работ, паслуг) уласнай вытворчасці, на працягу 10 каляндарных гадоў з першага падатковага перыяду, у якім у рэзідэнта ўзнік валавы прыбытак. Затым яны змогуць выплачваць падатак па зніжанай на 50% стаўцы. Таксама на тэрмін дзеяння спецыяльнага прававога рэжыму рэзідэнты вызваленыя ад падатку на нерухомасць і зямельнага падатку.
Сумесная кампанія па развіцці індустрыяльнага парку да 1 студзеня 2032 года вызваляецца ад падатку на прыбытак у дачыненні да прыбытку, атрыманага ад рэалізацыі тавараў (работ, паслуг) уласнай вытворчасці, сумы даходаў ад аперацый па здачы ў арэнду рухомай маёмасці рэзідэнтам індустрыяльнага парку, зямельных участкаў і іншай нерухомай маёмасці на тэрыторыі індустрыяльнага парку, а таксама прыбытку, атрыманага ад рэалізацыі размешчаных на тэрыторыі парку зямельных участкаў, капітальных пабудоў, у тым ліку незавершаных, закансерваваных і жылых.
На тэрмін дзеяння спецыяльнага прававога рэжыму сумесная кампанія таксама вызвалена ад падатку на нерухомасць на тэрыторыі індустрыяльнага парку, незалежна ад кірунку ее выкарыстання, і ад зямельнага падатку. Акрамя таго, для сумеснай кампаніі ўведзены шэраг ільгот па ўключэнні выдаткаў на развіццё парку ў склад выдаткаў.
Сярод іншых ільгот, абазначаных указам прэзідэнта ў сувязі са спецыяльным прававым рэжымам для індустрыяльнага парку, уведзены спрошчаны парадак рэгістрацыі замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія прыцягваюцца для будаўніцтва, зняцце абмежаванняў на валютна-абменныя аперацыі на ўнутраным рынку і зняцце патрабаванняў заканадаўства аб знешнегандлёвых аперацыях, а таксама спецыяльны парадак фарміравання цэн на энергарэсурсы.
Акрамя таго ў парку плануюць стварыць зону свабоднага гандлю, а таксама ўсталяваць механізм узгаднення з адміністрацыяй парку праверак, якія праводзяцца ў рамках кантрольнай дзейнасці ў дачыненні да суб’ектаў парку. Пашыраны таксама крытэрыі для рэгістрацыі ў якасці рэзідэнтаў парку: павялічаны пералік асноўных кірункаў рэалізацыі інвестыцыйных праектаў і паніжаны мінімальны парог інвестыцый пры ўмове іх укладання ў сціслы тэрмін.
Кітайска-беларускі індустрыяльны парк пачалі ствараць у 2012 годзе на падставе міжурадавага пагаднення паміж КНР і Беларуссю. Ён уяўляе сабой тэрыторыю плошчай 91,5 кв. км з асаблівым прававым рэжымам для забеспячэння камфортных умоў вядзення бізнесу і будуецца за 25 км ад Менска. Прыярытэтныя кірункі развіцця — электроніка, біямедыцына, тонкая хімія, машынабудаванне і новыя матэрыялы. Планаваныя рынкі — краіны СНД і Еўрапейскага звяза.