„Вялікі камень” да 2021 года вырабіць прадукцыі на $1 млрд
Кітайска-беларускі індустрыяльны парк „Вялікі камень” да 2021 года вырабіць прадукцыі на агульную суму не менш як $1 млрд. Аб гэтым прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў расказаў у інтэрв’ю кітайскаму інфармацыйнаму агенцтву „Сіньхуа”.
„Што датычыцца ацэнкі нашых чаканняў ад парку, то да 2021 года плануем комплекснае асваенне тэрыторыі першага этапу плошчай 850 га. Да 2021 года чакаем дасягнуць наступнага эфекту: каля $1 млрд назапашаных інвестыцый з моманту стварэння парка, 100 рэзідэнтаў, кошт вырабленай прадукцыі не менш як $1 млрд, каля 7 тыс. дадатковых рабочых месцаў”, – расказаў Андрэй Кабякоў.
З пункту гледжання выгадных геаграфічных пераваг і развіцця лагістыкі з акцэнтам на індустрыяльную лагістыку парк дазволіць аптымізаваць транзітныя грузавыя патокі, якія праходзяць праз тэрыторыю Беларусі з Кітая ў краіны ЕЗ, а таксама будзе садзейнічаць павелічэнню тавараабароту з Кітаем. Такім чынам, парк пацвярджае свой статус міжнароднага праекта, выбудоўваючы кітайска-еўрапейскі трансгранічны калідор у рамках ініцыятывы „Адзін пояс і адзін шлях” з цэнтрам у „Вялікім камені”.
„У развіцці парка мы робім акцэнт не на гандаль і лагістыку, хоць гэта важны састаўны элемент развіцця парка, а на інавацыі і стварэнне сумесных высокатэхналагічных вытворчасцей. У аснову ставім такія складнікі, як перадавыя тэхналогіі, высокая дабаўленая вартасць прадукцыі, яе запатрабаванасць і канкурэнтаздольнасць”, – растлумачыў прэм’ер-міністр.
Цяпер у „Вялікім камені” налічваецца 34 рэзідэнты. У парку прадстаўлены беларускі, кітайскі, расійскі, амерыканскі, еўрапейскі і ізраільскі капітал. Агульны аб’ём запланаваных інвестыцый дзеючых рэзідэнтаў ацэньваецца на $0,5 млрд.