Выдзяленне трэцяга траншу крэдыту ЕФСР зноў адкладваецца



Дата правядзення савета Еўразійскай фонду стабілізацыі і развіцця, на якім павінна разглядацца пытанне аб выдзяленні Беларусі трэцяга траншу крэдыту, не вызначаная.

„Пасяджэнне савета еўразійскага фонду можа ініцыяваць старшыня савета — міністр фінансаў Расеі. Пакуль адпаведнае рашэнне ім не прынятае, і калі савет можа адбыцца, невядома”, — паведаміў БелаПАН суразмоўца, знаёмы з ходам перамоўнага працэсу аб выдзяленні еўразійскага крэдыту Беларусі.

Пры гэтым ён адзначыў, што станоўчае рашэнне па пытанні аб выдзяленні Беларусі трэцяга траншу крэдыту (на 300 млн даляраў) залежыць ад выканання рэспублікай умоў крэдытнай праграмы.

Згодна з крэдытнай праграмай, трэці транш крэдыту Беларусь можа атрымаць у выпадку, калі будзе зацверджаная стратэгія аб рэфармаванні сектара дзяржпрадпрыемстваў, а ўрад прыме рашэнне аб сацабароне ўразлівых слаёў насельніцтва і падвысіць дапамогу па беспрацоўі.

„Пакуль гэтыя дакументы не зацверджаныя. Без іх прыняцця наўрад ці трэці транш еўразійскага крэдыту будзе вылучаны Беларусі — гэта малаверагодна”, — падкрэсліў эксперт у фінансавых колах, знаёмы з перспектывамі выдзялення Беларусі знешняга фінансавання.

Як паведамлялася, беларускія ўлады вясной 2016 года падпісалі крэдытную праграму аб атрыманні з Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця крэдыту на 2 млрд даляраў, які выдзяляецца сям’ю траншамі. Для атрымання траншаў беларускія ўлады павінны рэалізаваць комплекс мер па рэфармаванні эканомікі.

На гэты момант беларускі бок атрымаў два траншы еўразійскага крэдыту — 500 млн даляраў у сакавіку 2016 года, 300 млн даляраў — у ліпені. Мінфін Беларусі раней разлічваў атрымаць трэці транш крэдыту ЕФСР (таксама на 300 млн даляраў) у кастрычніку 2016 года, аднак гэтага не адбылося.

Беларускія аналітыкі лічаць, што затрымка з выдзяленнем траншаў еўразійскага крэдыту — следства нафтагазавай спрэчкі паміж Масквой і Менскам.

„Безумоўна, нафтагазавы канфлікт — асноўны бар’ер, які перашкаджае выдзяленню чарговага траншу еўразійскага крэдыту Беларусі. Таму мэтазгодна больш хуткае ўрэгуляванне гэтай канфліктнай сітуацыі”, — лічыць фінансавы аналітык даследчай групы BusinessForecast.by Аляксандр Муха.

Беларусь і Расея больш за год не могуць дамовіцца пра цану на газ. У сувязі з канфліктам у газавай сферы расейскі ўрад у другой палове 2016 года прыняў рашэнне скараціць пастаўкі нафты ў Беларусь.