Выхад з газавай спрэчкі з Расіяй будзе дорага каштаваць Беларусі
Беларусі давядзецца дорага заплаціць за ўрэгуляванне адносін з Расеяй у газавай сферы, лічаць эксперты Нацыянальнага даследчага ўніверсітэта Вышэйшай школы эканомікі Расіі (НДУ ВШЭ).
Нагадаем, у ліпені Мінэнерга Расеі заявіла, што запазычанасць Беларусі за газ дасягнула 270 млн. долараў. У сувязі з гэтым расейскі бок прыняў рашэнне знізіць у трэцім квартале на траціну пастаўкі нафты ў Беларусь.
„Выхад з гэтага становішча будзе дарагім. Давядзецца альбо пагасіць запазычанасць перад „Газпромам”, альбо пагашаць частку запазычанасці і ісці на іншыя саступкі. Зніжэнне паставак нафты — гэта сапраўды моцны ўдар па Беларусі, гаворка ідзе пра магчымае недаатрыманыя 1,5 млрд. долараў экспарту”, — падкрэсліваюць аўтары новага эканамічнага агляду цэнтра развіцця НДУ ВШЭ.
Паводле ацэнак экспертаў, пагашэнне запазычанасці за энерганосьбіты будзе для Беларусі балючым момантам, улічваючы адносна невялікія золатавалютныя рэзервы і значныя плацяжы па дзяржаўнаму доўгу.
„На гэты момант у Беларусі не сыходзяцца мінус з плюсам па плацежным балансе. Выплаты па валютным доўгу (3,3 млрд. долараў), скарачэнне экспарту калійных угнаенняў і нафтапрадуктаў у доларавым выражэнні, а таксама нафтавых пошлін (каля 1 млрд. долараў усяго) — з аднаго боку, і еўразійскі крэдыт, неаплата газу (250 млн. долараў) — з іншага”, — адзначаюць расейскія эканамісты.
Паводле ацэнак экспертаў, нават калі Беларусь рэфінансуе валютны доўг шляхам размяшчэння ўнутраных валютных аблігацый, цалкам разлічыцца па знешніх абавязацельствах краіне не атрымаецца. У сувязі з гэтым беларускі ўрад будзе планаваць знешнія запазычанні ў гэтым годзе на 1 млрд. долараў, а можа быць і больш, мяркуюць аналітыкі Нацыянальнага даследчага ўніверсітэта Вышэйшай школы эканомікі Расіі.
Нагадаем, Мінфін Беларусі сёлета ў чэрвені заяўляў, што ўрад ужо ўступіў у падрыхтоўчую стадыю па размяшчэнні новага выпуску еўрабондаў і пачаў падрыхтоўку мандатнага пагаднення з арганізатарамі выпуску. Беларускі бок, паводле даных Мінфіна, плануе размяшчаць новы выпуск еўрааблігацый з тэрмінам абарачэння сем гадоў на суму да 1 млрд. долараў.
by.belapan.by