Вырас тавараабарот Беларусі з Еўразвязам
Паводле дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэта, тавараабарот Беларусі з краінамі Еўрапейскага звяза ў студзені—чэрвені 2017 года ў параўнанні з такім жа леташнім перыядам павялічыўся на 13,6% — да 6 млрд 613,6 млн даляраў.
Тавараабарот з ЕЗ зніжаўся на працягу больш чым трох гадоў. У 2016 годзе ў параўнанні з 2015-м ён скараціўся на 22,3% і склаў 11 млрд 175,7 млн долараў, у 2015 годзе зніжэнне тавараабароту склала 28,5% у параўнанні з 2014-м. У студзені—лютым гэтага года ўпершыню назіраўся нязначны прырост — на 0,4%; у студзені—сакавіку — на 5,6%, студзені—красавіку — на 5,9%, студзені—маі — на 12%.
За студзень—чэрвень 2017 года экспарт у краіны ЕЗ вырас на 11,6% — да 3 млрд 618,6 млн даляраў, імпарт павялічыўся на 16,1% — да 2 млрд 995 млн. Станоўчае сальда склала 623,3 млн даляраў.
З агульнага аб’ёму экспарту ў студзені—маі 2017 года на долю краін ЕАЭС прыходзілася 47,4% (у студзені—чэрвені 2016 года — 44,9%), з іх на долю Расеі — 45,1% (43,4%), ЕЗ — 26,7% (29,1%), астатніх краін — 25,9% (26%). Імпарт з краін ЕАЭС склаў 57,6% агульнага аб’ёму імпарту (у студзені—чэрвені 2016 года — 57,7%), з Расеі — 57,3% (57,5%), ЕЗ — 19,3% (19,9%), астатніх краін — 23,1% (22,4%).
За шэсць месяцаў 2017 года зарэгістраваны аб’ёмы экспартна-імпартных аперацый са 189 краінамі. Тавары пастаўляліся на рынкі 160 дзяржаў, імпартавалася прадукцыя са 176 краін.
Асноўнымі гандлёвымі партнёрамі краіны ў студзені—чэрвені 2017 года з’яўляліся: Расея — 51,6% ад усяго аб’ёму тавараабароту, Украіна — 7,3%, Вялікабрытанія — 4,6%, Кітай — 4,5%, Германія — 4,3% , Польшча — 4,1%, Нідэрланды — 1,9%, Літва — па 1,8%, Турцыя — 1,6%, Італія — 1,1%, Бразілія і Казахстан — па 1%.
Рост тавараабароту з Еўразвязам звязаны з актывізацыяй паставак нафтапрадуктаў. Такое меркаванне выказаў раней у каментары БелаПАН загадчык кафедры інавацыйнай эканомікі Міжнароднага ўніверсітэта „МІТСО” кандыдат эканамічных навук Вячаслаў Ярашэвіч.
Пры гэтым ён лічыць важным, каб актывізацыя ў гандлі ішла па больш шырокай наменклатуры.
Паводле БелаПАН