Вырасла колькасць стратных прадпрыемстваў
У Беларусі амаль на 11 працэнтаў вырасла колькасць стратных арганізацый. Такія дадзеныя прыводзіць Нацыянальны статыстычны камітэт. Больш няма танных энергарэсурсаў з Расеі – і гэта галоўны чыннік, лічыць эканаміст Леў Марголін.
– Няма рэфармавання эканомікі, а тая сістэма, якая была, магла больш-менш існаваць, пакуль былі высокія кошты на газ і нафту за кошт расейскіх субсідый на гэтыя энергетычныя рэсурсы. Зараз гэты бонус знікае, а нічога іншага мы прапанаваць не можам. Мы згубілі гэтыя 25 гадоў, а маглі б, карыстаючыся тымі ж расейскімі грашыма, выкарыстаць іх на рэфармаванне эканомікі.
Істотна павялічыўся і сабекошт беларускай прадукцыі – амаль на 10 працэнтаў. Гэта пры тым, што ў пасланні беларускаму народу і парламенту 21 красавіка 2016 года Аляксандр Лукашэнка назваў зніжэнне ўсіх відаў выдаткаў на вытворчасць і рэалізацыю прадукцыі стратэгічным напрамкам падвышэння канкурэнтаздольнасці эканомікі.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота naviny.by