Выраслі тарыфы на паслугі ЖКГ



Субсідаваныя дзяржавай цэны на прыродны і звадкаваны газ, а таксама тарыфы на электрычную і цеплавую энергію для патрэб ацяплення і гарачага водазабеспячэння для насельніцтва праіндэксаваныя на 8%.

Згодна з пастановай Савета міністраў ад 24 жніўня № 641, тарыф на цеплавую энергію для патрэб ацяплення і гарачага водазабеспячэння з 1 верасня складае 16,9259 рубля за 1 Гкал.

Кошт кубаметра газу ў дамах і кватэрах, абсталяваных прыборамі індывідуальнага ўліку расходу газу і індывідуальнымі газавымі ацяпляльнымі прыборамі, у ацяпляльны сезон складзе 0,0983 рубля, летам — 0,3081 рубля.

Пры адсутнасці індывідуальных газавых прыбораў тарыф складзе 0,3081 рубля за кубаметр газу незалежна ад сезону.

Калі ў доме ці кватэры не выкарыстоўваюцца прыборы індывідуальнага ўліку расходу газу, але ёсць газавая пліта і цэнтралізаванае гарачае водазабеспячэнне або індывідуальны воданагравальнік (за выключэннем газавага), цана за 1 кубаметр газу складае з сённяшняга дня 2,44 рубля на аднаго жыхара за месяц. Тарыф на газ у жыллі, дзе ёсць газавая пліта і індывідуальны газавы воданагравальнік, але няма цэнтралізаванага гарачага водазабеспячэння, складае 7,05 рубля за кубаметр. Кубаметр газу ў кватэрах і дамах, дзе ёсць газавая пліта, але няма цэнтралізаванага гарачага водазабеспячэння і індывідуальнага газавага воданагравальніка, цяпер каштуе 3,98 рубля.

У жыллі, дзе ёсць індывідуальныя газавыя ацяпляльныя прыборы, але няма прыбораў індывідуальнага ўліку расходу газу, у ацяпляльны перыяд давядзецца плаціць 0,4874 рубля за 1 кв. м агульнай плошчы жылога памяшкання за месяц, у летні перыяд — 0,1827 рубля.

Кубаметр звадкаванага газу ў кватэрах і дамах з устаноўленымі прыборамі індывідуальнага ўліку расходу газу і індывідуальнымі газавымі ацяпляльнымі прыборамі ў ацяпляльны сезон каштуе 1,7579 рубля, у летні перыяд — 0,8216 рубля. Пры адсутнасці індывідуальных газавых ацяпляльных прыбораў 1 кубаметр каштуе 0,8216 рубля.

Калі ў доме ці кватэры не выкарыстоўваюцца прыборы індывідуальнага ўліку расходу газу, але ёсць газавая пліта і цэнтралізаванае гарачае водазабеспячэнне або індывідуальны воданагравальнік (за выключэннем газавага), цана за 1 кубаметр звадкаванага газу зараз складае 2,44 рубля на аднаго жыхара на месяц. Пры наяўнасці газавай пліты і газавага воданагравальніка і адсутнасці цэнтральнага гарачага водазабеспячэння кубаметр звадкаванага газу каштуе 6,95 рубля, пры наяўнасці газавай пліты, адсутнасці цэнтралізаванага гарачага водазабеспячэння і газавага воданагравальніка — 3,26 рубля.

Тарыф на звадкаваны газ у жыллі, дзе ёсць індывідуальныя газавыя ацяпляльныя прыборы, у ацяпляльны сезон складае 5,7713 рубля за 1 кв. м агульнай плошчы жылога памяшкання за месяц, летам — 0,8216 рубля.

Кошт 1 кг газу ў балонах вагой 21 кг у межах нормаў спажывання складае 0,5835 рубля. Такім чынам, балон каштуе 12,25 рубля.

Тарыф на электраэнергію ў жылых дамах і кватэрах, абсталяваных электрычнымі плітамі, складае 0,1094 рубля за 1 кВт•гадз. Дыферэнцыраваны тарыф у такіх жылых памяшканнях у перыяд мінімальных нагрузак (з 22.00 да 17.00) — 0,0764 рубля за 1 кВт•гадз, а ў перыяд максімальных нагрузак (з 17.00 да 22.00) — 0,2189 рубля.

Электрычная энергія для патрэбаў ацяплення і гарачага водазабеспячэння з далучанай магутнасцю абсталявання больш за 5 кВт у перыяд мінімальных нагрузак (з 23.00 да 6.00) складзе 0,09 рубля за 1 кВт•гадз, у астатні час сутак — 0,1674 рубля.

Са студзеня наступнага года ў Беларусі плануецца выйсці на 100-працэнтны ўзровень кампенсацыі затрат па ўсіх паслугах ЖКГ, за выключэннем цеплавой энергіі. Ацяпленне і гарачае водазабеспячэнне насельніцтва будзе аплачваць па субсідаваных тарыфах.

БелаПАН