Выстава-кірмаш “Еўрарэгіён Нёман-2015”
XVII-я рэспубліканская выстава-кірмаш “Еўрарэгіён Нёман-2015” пройдзе ў Гародні 11-12 верасня. Удзел у мерапрыемстве прымуць дэлегацыі дзесяці краін, сярод якіх прадстаўнікі Польшчы, Літвы, Расеі, Кітая, Украіны і Чэхіі. Гарадзеншчыну на выставе-кірмашы прадставяць больш за 100 прадпрыемстваў, якія запрэзентуюць наведвальнікам сваю прадукцыю. У межах “Еўрарэгіёна Нёман” адбудзецца інвестыцыйны форум “Гарадзеншчына на скрыжаванні межаў”, дзе асобая ўвага будзе нададзена праблематыцы транспамежнага супрацоўніцтва ў турыстыцы і праграмах міжнароднай тэхнічнай дапамогі – паведаміў намеснік старшыні грамадскага аб’яднання «Рэспубліканскі турыстычна-спартыўны саюз» Сяргей Каляда:
– Узнікне сістэма стварэння турыстычнага прадукта на гэтых тэрыторыях, і ён стане прывабным. Можна будзе тады выходзіць на міжнародны ўзровень і казаць: ”Спадарства, у нас не толькі прыгожая прырода ды памяркоўныя людзі, але ёсць дзе адпачыць, пераначаваць, у нас ёсць якасная ежа і можна ўбачыць шмат цікавага!”
Выстава-кірмаш “Еўрарэгіён Нёман” – найбольш значная прэзентацыйная падзея міжнароднага ўзроўня для Прынёманскага рэгіёна. Яна павінна ў першую чаргу спрыяць актывізацыі супрацоўніцтва паміж транспамежнымі краінамі і прыцягненню заходніх інвестыцый у эканоміку Гарадзеншчыны.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня