Выступ Святланы Ціханоўскай на II Беларускім бізнес-форуме ў Варшаве (19-20 верасня 2022 г.)
Паважаныя выступоўцы, паважаныя госці форуму!
Я хачу падзякаваць вам усім за тое, што вы прыйшлі на Беларускі бізнес-форум.
Віншую гаспадара пляцоўкі і арганізатараў: Варшаўскую фондавую біржу і яе генеральнага дырэктара доктара Марэка Дыэтла, сябраў маёй эканамічнай каманды на чале з Алесем Аляхновічам, аналітычны цэнтр CASE Belarus і ABBA – Асацыяцыю беларускага бізнесу за мяжой.
І я хачу падзякаваць вам, беларускія бізнесмены і бізнес-лэдзі. І тым, хто тут прысутнічае, і тым, хто цяпер заняты вядзеннем свайго бізнесу. Тым, хто стварае тавары і паслугі, забяспечвае працоўныя месцы і робіць новыя інвестыцыі нягледзячы на аграмадныя цяжкасці, з якімі вы сутыкнуліся за апошнія два гады ў Беларусі і за мяжой.
Гэта вы, працадаўцы і працаўнікі прыватнага бізнесу ў Беларусі, зрабілі свой унёсак у нашу барацьбу за новую дэмакратычную Беларусь у 2020 годзе. Палітычны крызіс, які адбыўся пасля прэзідэнцкіх выбараў, закрануў і многія беларускія прыватныя кампаніі, і самазанятых. Пасля жніўня 2020 года многія бізнесоўцы панеслі фінансавыя страты. Многія задумаліся аб пераносе бізнесу за мяжу. Многія былі вымушаныя закрыцца, а некаторыя трапілі ў турму за тое, што не маўчалі пра рэпрэсіі.
Тым не менш, да 2022 года ніхто з нас не ведаў, што горшае яшчэ наперадзе. 24 лютага Лукашэнка дазволіў Расіі выкарыстаць беларускую тэрыторыю для ваенных нападаў на Украіну. За адзін дзень у вачах амаль усяго свету беларусы перасталі быць мужнымі мірнымі змагарамі за дэмакратыю, стаўшы прадстаўнікамі краіны-суагрэсара. Толькі мы ўсё тыя ж людзі, якія змагаліся за свабоду, але цяпер кожны дзень даводзіцца даказваць, што рэжым не прадстаўляе народ Беларусі.
Беларускі прыватны сектар быў адным з першых, хто заплаціў цану за гэты акт суагрэсіі. Новыя эканамічныя санкцыі і міжнародны байкот зрабілі Беларусь таксічнай для сусветнай эканомікі. Беларускі бізнес страціў сваіх міжнародных кліентаў, пастаўшчыкоў і партнёраў. Я разумею, што гэта нішто ў параўнанні з пакутамі і стратамі ўкраінскага народа, які мы падтрымліваем і ўсім сэрцам жадаем яму перамогі ў гэтай жудаснай вайне. Аднак я, як лідар, павінна гучна казаць аб праблемах беларусаў як у краіне, так і за мяжой, у тым ліку і аб праблемах беларускіх прадпрымальнікаў.
За шэсць месяцаў 2022 года ў Беларусі знікла амаль 6000 малых і сярэдніх прадпрыемстваў. Большасць з іх пакінулі краіну. Польшча стала асноўнай краінай прызначэння для беларускага бізнесу, паколькі тут былі створаныя спрыяльныя ўмовы для пераезду бізнесу, у тым ліку спрошчаны візавы рэжым і праграмы падтрымкі пераезду, такія як Poland Business Harbour. І я хацела б падзякаваць ураду Польшчы і ўсім міжнародным партнёрам за падтрымку беларускіх прыватных кампаній.
Беларусы не толькі займаюць працоўныя месцы, мы іх таксама ствараем. Беларусы робяць унёсак у замежную эканоміку праз аплату падаткаў, інвестыцыі, выдаткі, інавацыі, а таксама праз сацыяльную актыўнасць. І калі цяпер дапамагчы нашым прадпрымальнікам, яны змогуць развівацца і будуць гатовыя вярнуцца ў Беларусь або інвеставаць у Беларусь і пачаць будаваць новую эканоміку, калі дыктатура падзе. Нават калі яны вырашаць застацца за мяжой праз асабістыя прычыны, яны застануцца амбасадарамі Беларусі.
Надзвычай важна абараніць беларускую бізнес-супольнасць. На жаль, не ўсе бізнесоўцы, якія з’ехалі з краіны, змаглі перавезці свой бізнес. Нельга перавезці рэстаран, цырульню або вытворчасць. Гэтым прадпрымальнікам даводзіцца пачынаць усё з нуля ў новай краіне.
Я радая бачыць, што наша бізнес-супольнасць у выгнанні аб’ядноўваецца вакол ABBA і іншых ініцыятыў па падтрымцы бізнесу. І я заклікаю нашых міжнародных партнёраў працягваць падтрымліваць гэтую дзейнасць, каб яны маглі задавольваць патрэбы беларускіх прадпрыемстваў і выступаць іх агульным голасам.
Але мы павінны і можам зрабіць больш. Напрыклад,
Па-першае, спрасціць працэдуру атрымання візаў, відаў на жыхарства, адкрыцця фірмаў і банкаўскіх рахункаў для беларускіх бізнесоўцаў, якія не падтрымліваюць рэжым і вайну ва Украіне. Некаторыя бізнесы, звязаныя з рэжымам, ствараюць новыя юрыдычныя асобы ў ЕС, каб пазбегнуць санкцый. Таму некаторыя краіны ЕС і іх структуры ўвялі абмежаванні для ўсяго беларускага бізнесу. Мы павінны сумесна працаваць над пошукам механізму праверкі, які б дазволіў аддзяліць сумленны беларускі бізнес ад тых, хто пазбягае санкцый.
Па-другое, стварыць гарантыйны фонд у ЕС. Гэта дазволіць беларускім прадпрымальнікам без крэдытнай гісторыі ў ЕС атрымліваць тут крэдыты для бізнесу. Мая эканамічная каманда ўжо пачала працаваць над гэтым з Еўракамісіяй, урадам Польшчы, Еўрапейскім інвестыцыйным банкам, Польскім банкам развіцця ды іншымі зацікаўленымі бакамі.
Таксама, я хацела б заклікаць нашых міжнародных партнёраў фінансаваць новыя праграмы падтрымкі сумленных беларускіх прадпрымальнікаў, каб забяспечыць фінансаванне, навучанне, доступ да працоўных месцаў і дапамагчы разабрацца ў адміністрацыйных працэсах у краінах ЕС.
І я прашу вас не пераставаць шукаць новыя шляхі падтрымкі сапраўдных бізнесоўцаў у Беларусі. Ім патрэбна дапамога ў пошуку новых супрацоўнікаў, магчыма, сярод палітвязняў, якія выйшлі на волю, і іх сваякоў. Сумленнаму бізнесу патрэбная дапамога ў пошуку законных спосабаў пераводу сродкаў з краін ЕС у Беларусь і наадварот. Ім патрэбная дапамога і парады, як дзейнічаць, калі кампаніі сутыкаюцца з палітычным ціскам. Ім патрэбная дапамога з адкрыццём юрыдычных асоб у суседніх краінах, пакуль яны знаходзяцца ў Беларусі. Сумленнаму бізнесу, які выступае за свабодныя Беларусь і Украіну, патрэбная дапамога з разблакаваннем замарожаных банкаўскіх рахункаў, напрыклад, ва Украіне.
Ёсць шмат патрэб і шмат спосабаў дапамагчы.
Дык давайце пачнем абмеркаванне. Я радая бачыць, што так шмат ключавых партнёраў прыме ўдзел у гэтым форуме. Гэта выдатная магчымасць прыдумаць рашэнні, як зарганізаваць гэтую дапамогу беларускім бізнесоўцам. Я асабіста і мой кабінет будзем рабіць усё, каб голас беларускага бізнесу быў пачуты і каб ён атрымаў неабходную дапамогу.
Я вельмі аптымістычна гляджу на эканамічную будучыню свабоднай Беларусі. У нас шмат надзвычай таленавітых прадпрымальнікаў, якія змаглі стварыць паспяховы бізнес у вельмі цяжкім асяроддзі і нягледзячы на ўсе перашкоды. Можна толькі ўявіць, чаго мы зможам дасягнуць, калі ў Беларусі будуць створаныя спрыяльныя ўмовы для вядзення бізнесу і не будзе страху ўсё страціць.
Мы ўсе ведаем, што моцны прыватны сектар – адзін з асноўных слупоў дэмакратыі. Дапамагаючы беларускаму бізнесу сёння, Польшча, Літва і іншыя еўрапейскія краіны могуць зрабіць свой унёсак у дэмакратычную і паспяховую Беларусь заўтра.
Дзякуй. І я жадаю ўсім плённых 2 дзён дыскусій і нефармальных сустрэч.