Вытворчасць электрамабіляў плануюць наладзіць на заводзе „БелДжы” ў 2019 годзе
Вытворчасць электрамабіляў можа быць наладжана на новым заводзе „БелДжы” ў 2019 годзе, паведаміў міністр прамысловасці Віталь Воўк у час анлайн-канферэнцыі на сайце БЕЛТА.
„У кампаніі „Джылі” ёсць электрамабіль. Ужо ўзгоднена, што з 2019 года мы зможам на нашым заводзе іх збіраць – да 5 тыс. адзінак. Але патрэбна будзе лакалізацыя. Напрацоўкі, якія ёсць у нашых прадпрыемстваў прыватнай і дзяржаўнай формы ўласнасці, мы павінны будзем паказаць „Джылі”, атрымаць пацвярджэнне, што яны могуць ставіцца на іх аўтамабіль”, – сказаў Віталь Воўк.
Ён падкрэсліў, што ўвесь свет рухаецца ў напрамку развіцця электрапрыводаў. „Але галоўная задача – стварыць крыніцу энергіі. Гэта могуць быць акумулятары, накапляльнікі. Тут мы разлічваем на навуку, акадэмічныя інстытуты”, – адзначыў міністр.
Не менш важна мець развітую інфраструктуру для кліентаў якія купілі электрамабіль. „Пакуль ёсць пэўныя праблемы з тым, каб устанавіць запраўкі. Ужо цяпер ёсць і прыватныя, і дзяржаўныя вытворцы, якія зрабілі канструкцыю заправак. А вось як яе размясціць, як узгадніць праект размяшчэння, як плаціць? Гэта ж не бясплатная энергія, тарыф трэба ўстанавіць”, – сказаў ён.
Акрамя таго, не трэба забываць аб утылізацыі, лічыць міністр. „З Еўропы, Амерыкі прыедуць аўтамабілі з батарэямі, хтосьці будзе купляць новыя, таму што тэрмін службы будзе выходзіць. А як утылізаваць гэтыя батарэі? Таму мы павінны распрацаваць комплексную праграму, Прэзідэнт паставіў такую задачу, трэба ўлічыць усё”, – заявіў Віталь Воўк.