Вытворчасць прамысловай прадукцыі ў Менску зніжаецца ўжо сёмы месяц



У студзені—жніўні 2019 года прамысловая вытворчасць у Менску ў бягучых цэнах склала 11 млрд 106,7 млн рублёў, што ў супастаўных цэнах на 2,5% менш за паказчык аналагічнага перыяду 2018 года, паведаміла галоўнае статыстычнае ўпраўленне сталіцы.

У гэтым годзе прамвытворчасць у Менску вырасла толькі ў студзені — на 0,4% да першага месяца 2018-га, а затым пачалася тэндэнцыя падзення: у студзені—лютым яна знізілася на 0,2%, студзені—сакавіку — на 2,2%, студзені—красавіку — на 2,3%, студзені—маі — на 4,3%, студзені—чэрвені — на 3,9%, студзені—ліпені — на 2,9%.

У горназдабыўной прамысловасці ў студзені—жніўні вытворчасць вырасла на 8,5%, у апрацоўчай — знізілася на 3,7%. У забеспячэнні электраэнергіяй, газам, парай, гарачай вадой і кандыцыянаваным паветрам — вырасла на 1,2%, у водазабеспячэнні, зборы, апрацоўцы і выдаленні адходаў, дзейнасці па ліквідацыі забруджванняў — вырасла на 3,6%.

Па выніках 2018 года рост сталічнай прамвытворчасці склала 5,8%.

Пра тое, што зніжэнне прамысловай вытворчасці ў сталіцы звязанае з больш жорсткай канкурэнцыяй на знешніх рынках, заявіў 30 ліпеня на прэс-канферэнцыі старшыня камітэта эканомікі Мінгарвыканкама Уладзімір Навумовіч, адказваючы на пытанне БелаПАН, чаму некалькі месяцаў запар аб’ём прамысловай вытворчасці ў сталіцы падае.

Як паведаміў Навумовіч, у пачатку года была праведзеная абарона бізнес-планаў найбуйнейшых прамысловых прадпрыемстваў. „Пазіцыі былі ўзгодненыя з міністэрствамі і ведамствамі, і гэтыя планы не зусім выконваюцца, што накладвае адбітак на выкананне паказчыка па ВРП. Зніжаныя тэмпы росту па такіх таварных пазіцыях, як трактары, грузавыя аўтамабілі, самазвалы, прычэпы і паўпрычэпы, пагрузчыкі. Гэта асноўныя таварныя пазіцыі, удзельная вага якіх складае 75%”, — заўважыў чыноўнік.

„Дынаміка паводле вынікаў паўгоддзя адмоўная, хаця па чэрвені ёсць станоўчы зрух (рост да мая на 5,7%). Сказаць, што гэта замацаваны трэнд і так будзе далей, не зусім карэктна. Мы ведаем аб праблемах на знешніх рынках, досыць складаная сітуацыя, павялічваецца канкурэнцыя іншых дзяржаў і прадпрыемстваў, барацьба за рынкі больш жорсткая і знаходзіцца на высокім узроўні. Прадпрыемствы могуць перамагаць толькі са сваёй высокатэхналагічнай і высакаякаснай прадукцыяй”, — растлумачыў старшыня камітэта.

На яго думку, неабходна ўзмацняць працу маркетынгавых службаў прадпрыемстваў, паляпшаць якасныя характарыстыкі, зніжаць сабекошт.

belapan.by