Выяўляюцца адзінкавыя парушэнні мараторыя на рост цэн



Пасля аб’яўлення мараторыя на рост цэн выяўляліся толькі адзінкавыя выпадкі парушэння гэтага патрабавання, паведаміла на прэс-канферэнцыі 21 студзеня начальнік упраўлення гандлю і паслуг Менгарвыканкама Ніна Емяльянава.

„Пасля ўвядзення мараторыя на рост цэн 15 снежня 2014 года ажыццяўляецца штодзённы маніторынг пэўных аб’ектаў гандлю”, — сказала яна. Грамадзяне, паводле слоў Емяльянавай, сталі часцей інфармаваць гарадскія ўлады аб выпадках парушэння, і па кожным звароце праводзіліся канкрэтныя праверкі. „Калі пацвярджаўся факт неабгрунтаванага росту цэн у параўнанні з 18 снежня мінулага года ў адпаведнасці з пастановай Саўміна № 1207, то суб’екты гаспадарання тут жа вярталі розніцу ў кошце тавару”, — заявіла начальнік упраўлення.

Штодзённа, паводле яе інфармацыі, паступаюць „адна-дзве скаргі па гэтым пытанні”. „Нельга сказаць, што гэта вялікі аб’ём, парушэнні носяць адзінкавы характар”, — дабавіла Емяльянава, зазначыўшы, што гандлёвая сетка сталіцы налічвае больш як шэсць тысяч магазінаў.

Што да новых правілаў фарміравання цэн, рэкамендаваных Мінгандлем і Мінэканомікі 15 студзеня гэтага года, то, паводле слоў чыноўніцы ,”асноўная маса гандлёвых прадпрыемстваў іх выконвае”. Рэкамендацыі даведзены да ўсіх імпарцёраў, вытворцаў і аб’ектаў гандлю. Парушэнняў за мінулы тыдзень не ўстаноўлена.

Пры гэтым чыноўніца зазначыла, што рост цэн назіраецца на тавары крытычнага імпарту — садавіну, агародніну, гарбату, каву, рыбу, алей. Так, за апошні тыдзень рост цэн на іх склаў ад 0,8 да 30 працэнтаў.

Емяльянава таксама пракаментавала інфармацыю некаторых СМІ аб звужэнні асартыменту імпартнай прадукцыі ў гандлёвых аб’ектах. „Сапраўды, з пачатку года назіралася звужэнне асартыменту імпартнай прадукцыі. Мы размаўлялі з імпарцёрамі агародніны і садавіны, сустракаліся з імі. Яны тлумачылі гэта тым, што многія замежныя кампаніі пайшлі на калядныя канікулы і два тыдні не працавалі, таму пастаўкі не ажыццяўляліся. Зараз усё аднаўляецца на паліцах магазінаў”, — запэўніла начальнік упраўлення.

Яна таксама паведаміла, што „статыстычныя звесткі не паказалі ажыятажнага попыту на тавары ў канцы снежня”. Так, калі за ўвесь мінулы год тавараабарот у сталіцы вырас на 7,3% у супастаўных цэнах, то ў снежні ў параўнанні са снежнем 2013 года рост склаў 4,3%. „Гэта значыць, што пра такі, як усе называлі, ажыятажны попыт, вымятанне тавараў з магазінаў, размова не ідзе. Толькі па пэўных групах тавараў быў павышаны попыт. Людзі рэалізоўвалі гэтак званы адкладзены попыт на набыццё пэўных тавараў. Але ў межах гандлю ўсяго горада гэта не дало адчувальнага прыросту тавараабароту. Па многіх пазіцыях ён застаўся на ранейшым узроўні”, — зазначыла Ніна Емяльянава.

belapan.by