Выява Назарбаева з’явіцца на новай казахскай банкноце
Нацыянальны банк Казахстана выпусціць новую банкноту да Дня першага прэзідэнта. Гэта будзе 10 тысяч тэнге з выявай Назарбаева (каля 55 беларускіх рублёў). У абарачэнне купюра паступіць 1 снежня 2016 года, паведамляе галоўны банк краіны.
Банкноту прэзентаваў старшыня Нацыянальнага банка РК Даніяр Акішаў. Паведамляецца, што купюра выйдзе абмежаваным накладам.
„Гісторыя незалежнасці непарыўнай лініяй звязана з асобай кіраўніка дзяржавы. Таму Нацыянальны банк прэзентуе юбілейную банкноту, прысвечаную 25-годдзю незалежнасці Казахстана і якая адлюстроўвае ўклад прэзідэнта ў развіццё краіны”, – сказаў ён.
Паводле яго слоў, тэма размяшчэння партрэтаў на банкнотах не новая. Ён адзначыў, што „Нэльсан Мандэла, Мустафа Кемаль Атацюрк, Лі Куан Ю, Уінстан Чэрчыль і іншыя лідары сусветнага ўзроўню размешчаны на сучасных купюрах сваіх краін”.