Ядзернае паліва падрыхтаванае да загрузкі ў рэактар другога энергаблока БелАЭС
На Беларускай АЭС завершаны ўваходны кантроль ядзернага паліва для пачатковай загрузкі ў рэактар другога энергаблока, паведамляецца на сайце інжынірынгавага дывізіёна расейскай дзяржаўнай карпарацыі „Расатам”.
Уваходны кантроль прайшлі як самі цеплавыдзяляльныя зборкі, так і паглынальныя стрыжні сістэмы кіравання і аховы.
Працэдуру правялі спецыялісты Беларускай АЭС пры ўдзеле прадстаўнікоў кампаніі „Атамбудэкспарт” і вытворцы ядзернага паліва — Новасібірскага завода хімканцэнтратаў (уваходзяць у склад „Расатама”). Паведамляецца, што кожны этап прыёмкі свежага паліва кантралявалі прадстаўнікі дэпартамента па ядзернай і радыяцыйнай бяспецы МНС (Дзяржатамнагляд).
„У адпаведнасці з рэгламентам правядзення працэсу ўваходнага кантролю спецыялісты правяралі суправаджальную дакументацыю, знешні стан паліўнай прадукцыі, кантрольныя геаметрычныя параметры, цэласнасць тэхнічных сродкаў індыкацыі доступу да цеплавыдзяляльных зборак, — гаворыцца ў паведамленні. — Паводле вынікаў быў падпісаны акт, які пацвярджае паспяховае праходжанне ўваходнага кантролю на пляцоўцы, належную якасць і гатоўнасць пастаўленай партыі ядзернага паліва да пачатковай загрузкі ў рэактар”.
„Да пачатку загрузкі ў рэактар энергаблока № 2 усё паліва будзе знаходзіцца ў сховішча свежага паліва, якое забяспечвае неабходныя ўмовы для захоўвання”, — падкрэсліваецца ў рэлізе.
Адзначаецца, што пастаўка ядзернага паліва для пачатковай загрузкі выкананая ў межах генеральнага кантракта на збудаванне энергаблокаў БелАЭС.
Як паведамлялася раней, на тэрыторыю станцыі паліва даставілі 19 красавіка. Увесці другі энергаблок у эксплуатацыю ў адпаведнасці з указам Аляксандра Лукашэнкі № 447 ад 30 лістапада 2020 года павінны ў першай палове 2022 года. Разам з тым пасол Беларусі ў РФ Уладзімір Сямашка нядаўна заявіў, што запусціць другі блок у прамысловую эксплуатацыю плануецца ў ліпені наступнага года.
Беларуская АЭС узводзіцца блізу Астраўца (Гарадзенская вобласць), непадалёк ад мяжы з Літвой, пераважна за кошт крэдыту Расіі паводле расійскага праекта ВВЭР-1200 (першы блок гатовы на 99%, другі — на 80%). Генеральным праекціроўшчыкам і генпадрадчыкам будаўніцтва станцыі выступае інжынірынгавы дывізіён дзяржкарпарацыі „Расатам” (галаўная арганізацыя — інжынірынгавая кампанія „АСЭ”).
Выпрацоўка электраэнергіі на першым блоку БелАЭС пачалася 3 лістапада мінулага года. Увесці яго ў прамысловую эксплуатацыю плануюць гэтай вясной.