Ядзернае паліва прывязуць у Астравец у першым квартале 2020 года
Як паведаміў на прэс-канферэнцыі ў Менску намеснік міністра энергетыкі Беларусі Міхаіл Міхадзюк, паліва для Беларускай атамнай станцыі прывязуць за месяц-паўтара да пачатку фізічнага пуску рэактара.
– Мы ўжо да завозу практычна гатовы. З завозам ядзернага паліва зробіцца больш жорсткім рэжым допуску будаўнікоў на аб’ект. Трэба ствараць пэўны рэжым аховы, допуску на станцыю. Завязём яго за месяц-паўтара да пачатку фізічнага пуску, для таго каб не стрымліваць тэмп тых работ, якія засталіся на першым энергаблоку. У першым квартале паліва завязём.
Зараз на АЭС пад Астраўцом ідуць перадпускавыя аперацыі – гарачая абкатка абсталявання. Увод першага блока запланаваны на першы квартал 2020 года, другога – на 2021-ы год, раней запуск другога блока чакалі летам 2020 года.
Сяргей Залескі, Беларускае Радыё Рацыя, Менск