Ядзерныя адкіды з БелАЭС плануюць захоўваць на Палессі
Ядзерныя адкіды з Беларускай атамнай станцыі і іншых аб’ектаў, магчыма, будуць захоўваць на тэрыторыі Палескага радыяцыйнага запаведніка, заявіў начальнік упраўлення па абыходжанні з радыеактыўнымі адкідамі МНС Беларусі Дзмітрый Паўлаў, перадае Sputnik.

„Гіпатэтычна бачым гэты рэгіён як патэнцыйны для размяшчэння, можа быць, нават адзінага пункта пахавання радыеактыўных адкідаў. Але калі дазволяць умовы”, – сказаў ён, выступаючы на тэматычным круглым стале на форуме „Атамэкспа” ў Сочы.
Паводле яго слоў, падчас чарнобыльскай катастрофы тэрыторыя запаведніка была забруджана стронцыем і цэзіем, а таксама выпаду ядзернага паліва. У бліжэйшы час гэтыя землі неабходна яшчэ абследаваць.
Паўлаў падкрэсліў, што Палескі запаведнік разглядаецца як месца для „нерадыяцыйных” праектаў. Адзін з такіх – магчымасць вытворчасці кантэйнераў для пунктаў пахавання радыеактыўных адкідаў.
Мяркуецца, што ў адзіным пункце пахавання будзе захоўвацца 95% адкідаў з БелАЭС.
