Як адаб’ецца зніжэнне цаны на расейскі газ на беларусах?



“Тарыфы на газ у жыроўках ад гэтага зніжацца не пачнуць, – кажа эканаміст Барыс Жаліба. – Наадварот – яны пачнуць падвышацца”.

Масква і Менск папярэдне зацвердзілі новую схему цэнаўтварэння на расейскі газ, у выніку яго цана для Беларусі знізіцца на траціну — са 132 да прыкладна 100 даляраў за тысячу кубаметраў. Пра гэта паведаміў расейскі «Камерсант» са спасылкай на дасведчаныя крыніцы.

Доўг Беларусі за газ за першыя паўгода дасягае каля 300 мільёнаў даляраў.

Барыс Жаліба: Для Беларусі гэта – добрая навіна. За газ краіна мае вялікія пазыкі, Расея скараціла пастаўкі нафты, пасля чаго пачаў зніжацца і беларускі УВП. Відаць, знайшлі нейкі кампраміс, бо беларускі бок наогул прасіў знізіць цану на газ са 132 да 72 даляраў за тысячу кубаметраў. Амаль у два разы! Я ў свой час прагназаваў, што Масква не пойдзе на такую вялізную зніжку, але кампраміснае рашэнне абавязкова прымуць.

РР: Што ўзамен за такую зніжку?

Барыс Жаліба: Трэба разумець, што падчас вырашэння эканамічных пытанняў ускосна абмяркоўваюцца і нейкія палітычныя, але гэта застаецца за кадрам. Хаця не думаю, што справа дойдзе да расейскай ваеннай авіяцыйнай базы ў Беларусі…

РР: Такое зніжэнне цаны на газ – глыток свежага паветра для беларускай эканомікі?

Барыс Жаліба: Глыток – і не больш, паколькі эканоміка паглыбляецца ў такі крызіс, што пацыенту ўжо ўсё роўна, якая там будзе цана на газ. Не факт нават, што для прадпрыемстваў пасля гэтага знізяць цэны на газ. Можа стацца і такое, што вось гэтую розніцу, якую выгандляваў афіцыйны Менск у Масквы, беларускія ўлады забяруць сабе ў бюджэт.

Барыс Жаліба: Магчыма, беларусы стануць менш плаціць за газ падчас аплаты паслуг ЖКГ?

РР: Для насельніцтва тым больш не зменшацца тарыфы на газ, яны наадварот яшчэ будуць падвышацца. Хоць, па вялікім рахунку, залежнасць павінна быць наўпроставая. Знізіла цану на газ Расея – менш сталі плаціць за газ простыя беларусы. Але ва ўлады свой калькулятар, яны лічаць па-свойму.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота naviny.by