Як адкрыць у Польшчы ўласны бізнес?



Цяпер у Польшчы адкрыць уласны бізнес дастаткова лёгка і значна прасцей, чым яшчэ некалькі гадоў таму. Гэта звычайна займае мала часу пры мінімальных коштах у залежнасці ад формы падаткаабкладання.

Іначай справа выглядае ў Беларусі, дзе прадпрымальніцкая дзейнасць кантралюецца мясцовымі ўладамі, якія правяраюць, наколькі гэтая дзейнасць адпавядае выданым Аляксандрам Лукашэнкам дэкрэтам. Адкрыццё ў Беларусі свайго бізнесу можа заняць некалькі тыдняў, акрамя таго некаторыя заканадаўчыя нормы не зусім адназначныя, ёсць мноства падаткаў, пра якія прадпрымальнік-пачатковец дазнаецца з цягам часу.

І зусім іначай выглядаюць магчымасці эканамічнай дзейнасці ў краінах Еўразвяза для іншаземцаў, гэта значыць для асобаў з краінаў, якія не з’яўляюцца паўнапраўнымі чальцамі ЕЗ, або асобаў, якія не маюць Карты паляка.

ПЕРШЫ КРОК: неабходна атрымаць турыстычную візу ў польскім консульстве з кодам 01 або 02. Пазней ідзем да натарыуса, які складае дамову. Дамова змяшчае асабовыя даныя прадпрымальніка. У прысутнасці натарыуса неабходна акрэсліць від фірмы, якая закладаецца, і форму эканамічнай дзейнасці. У гэтым выпадку магчымыя тры варыянты: таварыства з абмежаванай адказнасцю (spółka z.o.o.), адкрытае таварыства (spółka jawna), камандзітнае таварыства (spółka komandytowa). Таварыства можа быць аднаасабовым або шматасабовым.

У фармуляры, які атрымаем ад натарыуса, неабходна пазначыць форму дзейнасці. Існуе адмысловая Польская Класіфікацыя Формаў Дзейнасці, якія можа ажыццяўляць прадпрымальнік. У фармуляр упісваюцца толькі нумары выбраных формаў дзейнасці. Можна выбіраць любую колькасць формаў дзейнасці. У большасці выпадкаў мы карыстаемся эканамічнымі свабодамі, толькі ў некаторых выпадках тая ці іншая форма дзейнасці патрабуе атрымання дадатковых дазволаў або канцэсіі.

Асоба, якая хоча займацца эканамічнай дзейнасцю, мусіць у гэты самы дзень абраць упаўнаважанага, які будзе прадстаўляць інтарэсы фірмы ад імя іншаземца на тэрмін, пакуль не завершыцца працэс рэгістрацыі і не будзе атрыманы дазвол на працу. Упаўнаважанай асобай можа быць: грамадзянін краіны ЕЗ; асоба, якая мае Карту паляка; асоба, якая доўгі час пражывае на тэрыторыі ЕЗ і мае карту сталага побыту, або асоба, якая знаходзіцца ў шлюбе з грамадзянінам краіны ЕЗ. У той час іншаземец абавязаны пакінуць тэрыторыю Еўразвяза, а далейшыя абавязкі, звязаныя з рэгістрацыяй фірмы, выконвае ўпаўнаважаная асоба.

Упаўнаважаная асоба падае заяву ў Нацыянальны Судовы Рэестр, атрымлівае падатковы нумар NIP і нумар фірмы REGON, можа весці гандлёвыя перамовы, падпісваць бізнес-дамовы, адкрыць банкаўскі рахунак і звяртацца ад імя прадпрымальніка да ўладаў, наймаць работнікаў, а напрыканцы падае заяву ў Падляшскую Ваяводскую Управу ў аддзел у справах іншаземцаў на атрыманне іншаземцам (з па-за ЕЗ) дазволу на працу (гэта займае максімальна тры дні).

Прадпрымальнік, атрымаўшы дазвол на працу, ідзе ў консульства і атрымоўвае візу з кодам 07, якая дае магчымасць доўгатэрмінова знаходзіцца на тэрыторыі ЕЗ. Неабходна атрымаць прапіску, якую афармляюць у Гарадской Управе. Зрабіць прапіску можна пасля таго, як будзе падпісаная дамова найму жылля. У Гарадскую Управу прадстаўляем або дамову найму жылля, або дамову куплі жылля (у гэтым выпадку адпаведны натарыяльны акт). Калі жыллё наймаем, трэба з’явіцца ва Управу разам з асобай, у якой здымаем жыллё. Пасля гэтага ўпаўнаважаную асобу можна адклікаць. Але прадпрымальнік можа займацца эканамічнай дзейнасці, нават калі не знаходзіцца на тэрыторыі ЕЗ.

ВАЖНАЕ: за каляндарны год абароты на фірме не могуць быць меншымі, чым 12-кратная сярэдняя аплата брутта ў сектары прадпрымальніцтва (цяпер гэта 3709 злотых брутта). Увесь працэс рэгістрацыі займае 2 тыдні.

ТРЭБА ПАМЯТАЦЬ: акрамя наяўнасці эканамічных свабодаў, некаторыя формы дзейнасці патрабуюць набыцця канцэсіі або атрымання дазволу.

Няма патрабавання вырабу фірмовая пячаткі, аднак мець такую пячатку карысна, выраб яе не патрабуе вялікіх высілкаў.

Што павінна змяшчаць пячатка:

  • Поўную назву фірмы (разам з імем і прозвішчам прадпрымальніка)
  • Адрас офіса
  • Можа быць тэлефон і факс
  • REGON (нумар фірмы)
  • NIP

Трэба памятаць, што падатак VAT аплочаецца ў адпаведнай падатковай інспекцыі ў залежнасці ад месца, дзе ажыццяўляецца эканамічная дзейнасць, найчасцей ад месца, дзе знаходзіцца офіс фірмы.

Няма абавязку ў час кожнай банкаўскай аперацыі, звязанай з прадпрымальніцкай дзейнасцю, выкарыстоўваць банкаўскі рахунак фірмы – можна выкарыстоўваць прыватны рахунак або карыстацца наяўнымі грашыма. Статут аб свабоднай эканамічнай дзейнасці накладае абавязак выкарыстання банкаўскага рахунку фірмы толькім ў тым выпадку банкаўскай аперацыі, кошт якой перакрочвае суму ў 15 000 еўра.

Эксперт Беларускага Радыё Рацыя можа даць усю неабходную інфармацыю адносна таго, як зарэгістраваць фірму, а таксама дасць парады тым, хто ўжо займаецца прадпрымальніцкай дзейнасцю ў краіне ЕЗ, напрыклад, Польшчы.

! Беларусы, якія маюць Карту паляка або Карту сталага побыту, маюць магчымасць адкрыць свой бізнес у Польшчы паводле значна больш простай працэдуры, чым тыя, якія гэтага не маюць.

Беларускае Радыё Рацыя