Як беларусы перажывуць новую дэнамінацыю?



Экс-старшыня Нацбанка Беларусі Станіслаў Багданкевіч прагназуе, як беларусы ўспрымуць чарговую дэнамінацыю, якую збіраюцца правесці беларускія ўлады.

Станіслаў Багданкевіч: Думаю, беларусы спакойна паставяцца да дэнамінацыі, хоць, давайце прызнаемся, многія нашы людзі ў фінансавым плане неадукаваныя. Мне, напрыклад, адзін чалавек патэлефанаваў з Маладэчна, папрасіў патлумачыць, што такое дэнамінацыя. Таму не выключаю лёгкай панікі сярод насельніцтва. Хоць наперадзе, да 1 ліпеня 2016 года, яшчэ дастаткова часу, каб правесці інфармацыйную кампанію. Думаю, кошты ў крамах загадзя напішуць на ўсе тавары па старому і новаму маштабу, каб людзі павольна прызвычайваліся да коштаў. Зрэшты, наш чалавек прызвычайваецца да ўсяго.

РР: Магчыма, некаторыя, каб засцерагчыся ад магчымай рызыкі, пастараюцца зняць да дэнамінацыі рублёвыя дэпазіты ды перавесці іх у валюту?

Станіслаў Багданкевіч: Я не ведаю, як народ успрыме сітуацыю, але, мяркую, калі пройдзе талковае тлумачэнне сэнсу дэнамінацыі, то людзі супакояцца. Але пакуль я не бачыў, каб на тэлебачанні такая інфармацыйная кампанія ўжо пачалася. У нас гэта заўсёды праходзіць крыху не так, як павінна быць на самой справе.

РР: У некаторых існуе меркаванне, што падчас правядзення дэнамінацыі пад гэтую марку могуць падвысіць і кошты на шэраг тавараў. Ці можа такое здарыцца?

Станіслаў Багданкевіч: Мы і так ужо сталі ў Еўропе чэмпіёнамі па ўзроўні росту коштаў. Таму кошты раслі, растуць і будуць расці, пакуль не будзе глыбінных рэформ па змяненні сістэмы кіравання эканомікай. А на рэформы ўлада пакуль не збіраецца ісці. Значыцца, будуць расці і кошты. А дэнамінацыя ў горшым выпадку можа паспрыяць росту коштаў на 1 адсотак. Гэта дробязь у параўнанні з тым, што за год кошты вырастаюць на 20 адсоткаў. А ў 2012 годзе – аж на 108 адсоткаў! І без усялякай дэнамінацыі.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота sputnik.az