Як беларусы зарабляюць на ўкраінскім мясе



Жыхары беларуска-ўкраінскага памежжа жадаюць не толькі абуцца і апрануцца ў суседзяў, але і зарабіць на вялізнай розніцы ў цэнах паміж Беларуссю і Украінай. Апошнім часам многія імкнуцца атрымаць прыбытак, увозячы ў Беларусь для перапродажу мяса. Для некаторых гэта сканчаецца буйнымі штрафамі і канфіскацыяй аўтамабіля. Ва Украіне можна набыць мяса ўдвая танней.

Толькі за два месяцы гомельскія мытнікі выявілі 13 выпадкаў схаванага перавозу мясной прадукцыі ў прыватных аўтамабілях:

– З гэтых 13 ёсць канфіскацыя аўтамабіляў менавіта за правоз мясных прадуктаў. Па дадзеных транспартных сродках прымае канчатковае рашэнне суд. Увоз такіх прадуктаў падлягае праверцы веткантролю. Канфіскацыя адбываецца не з-за таго, што нехта увёз мяса, а з-за таго, што ён яго схаваў. Каб ён яго не хаваў, яго б проста развярнулі на сумежную тэрыторыю.

Беларусы, аднак, рызыкуюць. Пэўна, не толькі каб самім пад’есьці, але і каб зарабіць на істотнай розніцы ў коштах. Сваімі назіраннямі дзеліцца гамяльчук Уладзімір, які мае сваякоў ва Украіне:

– Там танна, таму і возяць, бо выгадна. Хто толькі для сябе вязе, а хтосьці – на продаж. Я ўчора бачыў ля Еўраопта на праспекце Кастрычніка цыганоў, якія таргавалі ўкраінскай кілбасой. Разумныя людзі, жыць неяк трэба, і кілбасы ўсім хочацца.

Суразмоўца лічыць, што ўладам варта дбаць пра кошты на прадукты харчавання на ўласным унутраным рынку, нават увозіць іх з Украіны ў выпадку патрэбы.

Беларускае Радыё Рацыя паводле БелаПАН

Фота images.aif.ru