Як брытанскі рэферэндум паўплывае на беларускі рубель?
Старшы аналітык кампаніі “Альпары” Вадзім Іосуб адзначыў узаемасувязь паміж рэферэндумам у Брытаніі і ваганнямі валютных курсаў на Беларускай валютна-фондавай біржы.
Сёння на таргах у Менску даляр на фоне вынікаў рэферэндуму ў Брытаніі вырас на 250 рублёў да 20 051 беларускага. Еўра знізіўся на 155 рублёў да 22 271. Расійскі рубель знізіўся на 1,49 да 306,57.
Вадзім Іосуб: На сусветных рынках пасля рэферэндуму вельмі моцна ў адносінах да даляра знізіўся еўра, і яшчэ больш – англійскі фунт. Але пасля дасягнутых мінімумаў еўра і фунт пачалі крыху ўзмацяцца. Усё, гэта, безумоўна, адбілася і на таргах на біржы ў Менску, але, мяркую, на гэтым усё і абмяжуецца. Варта адзначыць, што рост даляра быў кампенсаваны падзеннем еўра і расейскага рубля, а таму да валютнага кошыка беларускі рубель змяніўся сёння вельмі нязначна. Таму можна сказаць, што з беларускім рублём нічога асаблівага не адбылося і наўрад ці адбудзецца нешта радыкальнае надалей.
РР: У звязку з брытанскімі падзеямі ці працягне еўра падзенне ў адносінах да даляра?
Вадзім Іосуб: Першая рэакцыя на рэферэндум ужо была, таму, напэўна, варта чакаць, што еўра пачне наадварот крыху узмацняцца. А вось наконт доўгатэрміновых прагнозаў, то там пакуль нічога не вядома. Нават пасля рэферэндуму выхад Брытаніі з Еўразвязу яшчэ не гарантаваны. Хаця гэта і малаверагодна. Другі нюанс – калі урад і парламент прыме такое рашэнне, то гэта будзе азначаць не аднамомантны выхад Брытаніі з Еўразвязу, а пачатак працэса шматгадовых перамоваў. І зараз мы не можам сказаць, як тыя перамовы будуць працягвацца і да чаго прывядуць.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя