Як будуць працаваць прадпрымальнікі пасля 1 сакавіка?



Старшыня РГА “Перспектыва” Анатоль Шумчанка кажа, што ўлады трымаюць ІП-эшнікаў “у падвешаным стане”.

16 лютага РГА “Перспектыва” плануе правесці ў Менску форум з удзелам прадстаўнікоў усіх рэгіёнаў Беларусі, дзе будуць узнімацца вострыя праблемы прадпрымальніцкай грамадскасці. На сустрэчу запрасілі і прадстаўнікоў дзяржаўных устаноў.

Нагадаем, што зараз прадпрымальнікі павінны мець сертыфікаты на ўсе тавары, але астаткі яшчэ можна распрадаць да 1 сакавіка гэтага года. Што далей?

Анатоль Шумчанка: “Перспектыва” чарговы раз прадастаўляе пляцоўку для таго, каб прадпрымальнікі мелі магчымасць выказацца наконт сваіх праблем, унесці прапановы, рэальна апісаць сітуацыю, якая сёння склалася ў бізнесе і распавесці пра наступствы ад тых дзеянняў чыноўнікаў у адносінах да малога бізнеса, якія мы назіраем. Плануецца, што прыедуць ІП-эшнікі з усіх рэгіёнаў, магчыма, будуць і прадстаўнікі ўлады. Апошнія ў вядомасць нас не ставілі з гэтай нагоды.

РР: Прадстаўніца Мінгандлю напрыканцы мінулага месяца распавяла, што тэрміны распродажу астаткаў несертыфікаванай прадукцыі прадпрымальнікам могуць працягнуць. Ці ёсць нейкія канкрэтныя рашэнні?

Анатоль Шумчанка: Афіцыйнага рашэння з гэтай нагоды няма, таму і папярэднія заявы сур’ёзна не разглядаем. Нас нікуды не запрашалі, ніякі праект з намі не абмяркоўвалі, таму на сёняшні момант можна лічыць, што тэрміны працягваць не будуць. Прадпрымальнікі зараз знаходзяцца ў падвешаным дэпрэсіўным стане. Калі з 1 сакавіка забароняць гандляваць астаткамі несертыфікаванай прадукцыі, то гэта будзе поўны калапс у малым бізнесе.

РР: Прадпрымальнікі скардзяцца, што тавар амаль не прадаецца…

Анатоль Шумчанка: Так і ёсць, рэалізацыі ніякай. Гандлёвыя кропкі ўжо закрываюцца, і працэс, напэўна, працягнецца. Краіна згубіць прадпрымальнікаў, як суб’ектаў гаспадарання, а разам з тым працоўныя месцы і крыніцу фінансавання бюджэту. Зрэшты, застаецца надзея, што да 1 сакавіка чыноўнікі яшчэ прымуць нейкае рашэнне.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота gp.by