Як будзе выкарыстаны расейскі крэдыт?
“Крэдыты карысныя, але толькі ў тым выпадку, калі яны ідуць на развіццё эканомікі”, – кажа экс-старшыня Нацыянальнага банка Беларусі Станіслаў Багданкевіч.
Як паведаміў журналістам міністр фінансаў Расеі Антон Сілуанаў, Расея разглядае магчымасць выдачы Беларусі міждзяржаўнага крэдыта да 1 мільярда даляраў на падтрымку бюджэта і плацёжнага баланса.
Станіслаў Багданкевіч: Крэдыты былі б карысныя, калі б яны былі накіраваны на развіццё эканомікі, на стварэнне эфектыўных працоўных месцаў, на тое, каб перарабіць эканоміку. Трэба змяняць сістэму кіравання,закрываць неэфектыўныя прадпрыемствы. І на такія мэты крэдыты варта прасіць. Але, калі даюць грошы без аніякай праграмы рэформаў эканамічнай мадэлі, то такі крэдыт толькі шкодзіць краіне. Ён жа проста для падтрымання неэфектыўнай эканомікі.
РР: І можа, як і папярэднія, сыйсці, што называецца, у пясок?
Станіслаў Багданкевіч: Крэдыт пойдзе на пагашэнне той запазычанасці, якая ўжо маецца. А аддаваць трэба каля 3 мільярдаў даляраў. Таму новыя крэдыты будуць выкарыстоўвацца на пагашэнне старых. Старая практыка, замкнёнае кола.
РР: Адным словам, без крэдытных грошай беларуская эканоміка пакуль не ў стане выжываць…
Станіслаў Багданкевіч: Паўтаруся, што крэдыты заўсёды карысныя, калі яны пайшлі б на развіццё. Як былы банкір, магу сказаць, што без крэдытаў жыць вельмі і вельмі складана, бо яны дапамагаюць рухацца наперад. Але ж трэба, каб было яшчэ і разуменне, што трэба рухацца – ажыўляць эканоміку, укараняць новыя тэхналогіі і мадэлі кіравання. Але ж вялікага прагрэсу ў гэтым накірунку няма. Прасіць крэдыт, каб думаць не пра будучыню, а толькі пра тое, як сёння выжыць, – гэта тупіковы шлях.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя