Як доўга будзе вырашацца газавае пытанне?
Беларускія ўлады не могуць дамовіцца з Расеяй па цане на газ. Больш за тое, з ліста намесніка старшыні «Газпрама» Валерыя Голубева да кіраўніка Міністэрства энергетыкі Расеі стала вядома, што з першага студзеня кошт газу для Беларусі не толькі не стаў меньшым, але і павялічыўся амаль на 7 працэнтаў, і склаў 141 даляр за тысячу кубаметраў. Эканамічны эксперт Леанід Заіка адзначае, што расейска-беларускія перамовы не маюць сэнсу, пакуль не будзе асабістага палітычнага рашэння Уладзіміра Пуціна:
– Гэтая тэма адмыслова зробленая ўладай для таго, каб стварыць ілюзію барацьбы рэжыму Лукашэнкі супраць „ненавіснага Крамля”. Цана на газ 140 даляраў прыкладна раўняецца цане на звадкаваны газ. Што робяць расіяне? Яны поста „выкручваюць” рукі Лукашэнку. Да беларускага народа гэта не мае ніякага дачынення. Ім надакучыла ўжо слухаць ягоныя выказванні наконт Пуціна і ўсёй Расеі. І таму, раз вы такія разумныя, то будзьце такімі самастойнымі.
Як дадае Леанід Заіка, памылкай беларускіх уладаў было не дамовіцца пра ўнутраныя кошты газу ў Мытным саюзе перад уваходжаннем ў гэтае аб’яднанне. Летась Беларусь плаціла за расейскі газ не па кантрактнай цане, а ў адпаведнасці з уласнымі разлікамі – 73 даляры за тысячу кубаметраў. На гэты момант запазычанасць за газ, паводле расейскіх падлікаў, склала 550 мільёнаў даляраў.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя