Як напісаць скаргу на мяжы?



Кожны чалавек, які ў час свайго падарожжа мусіць перасякаць мяжу, хоча зрабіць гэта як мага хутчэй, без непатрэбных клопатаў і страты часу. А што рабіць, калі, напрыклад, знаходзячыся на польскім баку мяжы, узнікне канфлікт паміж падарожнікамі і Памежнай ці Мытнай службай? У такім выпадку кожны можа выказаць сваё незадавальненне тым, як праходзіць пашпартна-мытнае афармленне.

Аднак варта своечасова паспрабаваць скантактавацца з кіраўніком змены, які мусіць аб’ектыўна пацвердзіць, ці была парушана форма пашпартна-мытнага афармлення, ці былі парушэнні правілаў з боку супрацоўнікаў памежных службаў. Калі і пасля гэтага падарожнік не будзе задаволены, то можна напісаць скаргу. Яна можа быць напісана ад рукі на польскай, беларускай ці рускай мовах. Памежныя службы добра ведаюць гэтыя мовы, таму няма патрэбы ў перакладзе. Ліст са скаргай падарожнік перадае кіраўніку змены, які мусіць яго прыняць і паставіць пячатку. Таксама трэба памятаць, што арыгінал скаргі павінен быць вернуты падарожніку, а памежным службам застаецца ксеракопія. Паводле правілаў, адказ на скаргу павінен прыйсці цягам двух тыдняў.

Варта ведаць, што ёсць магчымасць паразмаўляць непасрэдна з Камендантам Памежнай службы ці кіраўніком мытнага аддзела, але толькі ў іх працоўныя гадзіны: ад 7.15 да 15.15. Пасля такой размовы рэакцыя на скаргу, як правіла, неадкладная.

А што рабіць, калі ўзнікне такая патрэба ў іншыя гадзіны? То ёсць яшчэ адна магчымасць. Зараз на кожным памежным пераходзе на шыбах пунктаў пашпартнага і мытнага кантролю ёсць спіс тэлефонаў да дыжурных службаў. Дастаткова патэлефанаваць па адным з пададзеных нумароў, як рэакцыя будзе той жа, што і ў прыведзеным вышэй прыкладзе. У выпадку відавочных парушэнняў з боку супрацоўніка памежнай службы, які заслугоўвае вымовы за свае паводзіны, можа быць пачата расследаванне, а затым можна чакаць і адпаведных дысцыплінарных наступстваў.

Беларускае Радыё Рацыя