Як „Пінскдрэў” і іншыя беларускія кампаніі абыходзяць санкцыі



Беларускі расследавальніцкі цэнтр (БРЦ) даведаўся, як у Еўразвяз праз Казахстан і Кыргызстан паступае беларуская драўніна.

Пасля ўвядзення санкцый на экспарт беларускай драўніны, улады знайшлі спосаб абысці санкцыі. У расследаванні фігуруюць польская кампанія PLRBL і кыргызская “Адміт”, якія заключылі пагадненне на пастаўку драўляных пялетаў. “Лес для вытворчасці пялетаў набываецца ў Беларусі. А потым прадаецца ў Еўразвяз. Адзін з кіраўнікоў PLRBL беларус Віталь Лешык нават не хавае гэтага”, — піша БРЦ, паказваючы дакументы, якія трапілі ў распараджэнне цэнтру. Як расказаў выканаўчы дырэктар PLRBL на сустрэчы з расследвальнікамі, якія ўдавалі патэнцыйных пакупнікоў, у іх ёсць кампаніі не толькі ў Польшчы і Латвіі, але таксама ў Кыргызстане і Казахстане. Лес яны купляюць у Беларусі, адтуль ён ідзе ў Кыргызстан ці Казахстан, дзе перапрацоўваецца ў пялеты. Там жа афармляюцца дакументы, па якіх атрымліваецца, што сыравіна была мясцовай, а ня купленай у Беларусі.

З 3 красавіка знізілі стаўку рэфінансавання

З 3 красавіка ў Беларусі знізілася стаўка рэфінансавання. Цяпер яна складае 10,5 працэнта гадавых, а была 11%. Гэта адаб’ецца на працэнтах па ўкладах і крэдытах, а таксама паўплывае на інфляцыю – піша “Зеркало”.

Зніжэнне працэнтных ставак па крэдытах робіць іх больш даступнымі. Да прыкладу, да стаўкі рэфінансавання прывязаны многія пазыкі на куплю і будаўніцтва нерухомасці. Так, у „Беларусбанку” крэдыт „Іпатэка Экспрэс” на набыццё жылога памяшкання можна зараз атрымаць пад 15,4 працэнта (стаўка рэфінансавання ў 10,5 працэнта + 4,9 працэнтнага пункта). Да гэтага стаўка была на ўзроўні 16,31%, паведамілі ў кантакт-цэнтры банка.

Зніжэнне стаўкі рэфінансавання звязана са зніжэннем інфляцыі і інфляцыйных чаканняў.

У Беларусі хлеб даражэйшы, чым ва Украіне, дзе ідзе вайна

Спецыялісты аналітычнага сэрвісу Numbeo абнавілі рэйтынг краін па цане хлеба. Даныя сэрвісу рэгіструюць цану бохана свежага белага хлеба вагой 500 г.  Па стане на 24 сакавіка самая нізкая цана ў свеце на белы хлеб была ў Тунісе ($0,14), Алжыры ($0,16) і Казахстане ($0,36).

У Беларусі ($0,65) хлеб даражэйшы, чым ва Украіне ($0,58) і Расіі ($0,60).

У іншых нашых суседзяў цэны большыя: Польшча — $0,98, Эстонія — $1,16, Латвія — $1,23, Літва — $1,43.

Самыя высокія цэны на белы хлеб адзначаны ў Даніі ($2,87), Нарвегіі ($2,88), Ісландыі ($3,15), ЗША ($3,27) і Швейцарыі ($3,28).

У Беларусі спыніла працу інтэрнэт-крама адзення LC Waikiki

Інтэрнэт-крама французска-турэцкага брэнда адзення LC Waikiki з 1 красавіка не прымае заказы. Як пазначана на банеры на сайце, да 20 красавіка можна вярнуць раней набытыя тавары. Пасля гэтай даты сайт не будзе даступны, але фірмовыя крамы ў Беларусі па-ранейшаму будуць працаваць.

“Крама закрытая з эканамічных прычын, не з палітычных. За 4 з невялікім года, што яна існавала, не было і месяца, каб яна працавала ў плюс. Праект быў першапачаткова іміджавы, з перспектывай выхаду на працу ў плюс, але ў нашай краіне і з той стратэгіяй, што выбрала Турцыя, гэта было не рэальна”, – адзначаецца ў паведамленні.

Агляд эканамічных навін ад Беларускага Радыё Рацыя

Фота investigatebel.org