Як польская “малочка” можа палепшыць беларускую эканоміку?
Беларусь хоча перапрацоўваць польскае малако на продаж у Расею. Эканаміст Леў Марголін кажа, што беларуская эканоміка павінна выкарыстоўваць такі шанец на сваю карысць.
Польская “Gazeta wyborcza” са спасылкай на міністра сельскай гаспадаркі Польшчы Марэка Савіцкага паведамляе, што група польскіх экспарцёраў і інвестараў наведае Беларусь. Як заявіў міністр, беларусы паабяцалі, што змогуць імпартаваць каля 200 тысяч тон малака ў месяц, каб перапрацаваць яго і прадаць, у тым ліку і на расейскім рынку.
Леў Марголін: Забарона Расеі на ўвоз заходніх прадуктаў харчавання – гэта шанец для беларускай эканомікі паправіць свае справы. Перапрацоўка польскага малака ў Беларусі з далейшым продажам у Расею – адзін з такіх кірункаў. Я не ведаю, якія магутнасці па перапрацоўцы малака ў беларускай вытворчасці, але думаю, што абяцанні з’явіліся не на пустым месцы. Перапрацоўкай можна абысці і санкцыі, і загрузіць свае прадпрыемствы, калі яны працуюць не на поўную моц. А сваё малако можна прадаваць усходняму суседу і ў неаапрацаваным выглядзе. Хоць на малако ніякі ж лэйбл не прыклеіш. Не выключана, што могуць экспартаваць і польскае малако пад выглядам беларускага. Прэцэдэнты ж па іншых групах тавараў ужо былі, пра што адкрыта казаў і Пуцін. Вынікі трэба будзе падводзіць па лічбах статыстыкі, як гэта было ў свой час з ростам экспарту растаральнікаў, разбаўляльнікаў, бітума. Калі рэзка ўзрасце экспартны рост у Расею неаапрацаванага малака, тады можна меркаваць, якім чынам гэты рост дасягнуты.
РР: Такая сітуацыя спрыяльная для беларускіх прадпрыемстваў?
Леў Марголін: Так, але калі казаць пра мадэрнізацыю малочна-таварных фермаў, то яна праводзіцца, здаецца, апошнія 7 гадоў. І праводзіцца не вельмі ўдала. Тое самае было і з дрэваапрацоўчай прамысловасцю. У нас падчас мадэрнізацый добра толькі грошы асвойваюцца.
РР: Чаму так адбываецца?
Леў Марголін: Гэта памылкі кіраўнікоў альбо наўмысныя дзеянні. Калі мадэрнізацыю робіць уласнік, ён дзесяць разоў пралічыць усе наступствы і паўсвета аб’ездзіць, каб купіць больш таннае абсталяванне. А калі маёмасць дзяржаўная, то і інтарэсы зусім іншыя. Чыноўніку ўсё роўна, што будзе заўтра. Сёння для яго галоўнае, каб далі грошы, з якіх можна нешта адшчыкнуць.
РР: Ці заробяць на расейскіх санкцыях беларускія ўласнікі?
Леў Марголін: Мяркую, што так. Акрамя афіцыйнага экспарту, напэўна, будзе і нейкі “шэры”, якім займуцца дробныя ўласнікі. Кошты ў Расеі на прадукты харчавання падымуцца непазбежна, і беларусы гэта выкарыстаюць.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота cukinia.blog.pl