Як працуюць беларускія сеткавыя крамы?



Прынята лічыць, што сучасны мегаполіс – гэта найперш праспекты, мікрараёны, паркі і набярэжныя, то бок тое, што чалавечае вока фіксуе найперш. Але ж гарадская інфраструктура – з’ява куды больш складаная. Гэта і вадаводы, і каналізацыя, і лагістыка. І, натуральна, крамы.

1013594235

Фота flickr.com/ Dennis Jarvis

Людзі старэйшага пакалення напэўна памятаюць нашумелы ў васьмідзесятыя гады мінулага стагоддзя раман Іллі Штэмлера “Універмаг”, пра таямніцы савецкага гандлю.

А што хаваецца ад нашых вачэй за багата аздобленымі вітрынамі менскіх супермаркетаў? Паводле якіх непісаных законаў жывуць гандляры? Чаму кошты ў беларускіх сеткавых крамах нашмат вышэйшыя, чым у аналагічных крамах Польшчы і Украіны? Ці папулярная цяпер прафесія крамнага злодзея?

Наш карэспандэнт Марцін Война пагутарыў з Францыскам Максімавічам, менеджэрам аднаго з буйных менскіх супермаркетаў.

Францыск Максімавіч: Сучасная гандлёвая сетка – гэта найперш вялікія аб’ёмы розных тавараў, кошты на якія мяняюцца ў сярэднім раз на тыдзень. Але галоўнае – розныя праверкі. Санстанцыя, Арганізацыя па абароне правоў спажыўцоў… Датаго ж, у Беларусі існуе Міністэрства гандлю – у адрозненне ад еўрапейскіх краін, дзе такіх міністэрств і быць не можа! І, менавіта, з прычыны існавання Міністэрства гандлю ў Беларусі і існуе столькі кантралюючых структур, якія проста “здымаюць” грошы з гандляроў.

РР: А які механізм “здымання грошай”?

Францыск Максімавіч: Пераважна, гэта штрафы. Але як тыя штрафы выпісваюць? Кантралёры прыносяць з сабою пратэрмінаваны тавар, куплены ў краме раней, і проста падкідаюць яго на паліцу. Потым самі ж яго “знаходзяць”, прабіваюць праз касу, робяць вэрхал і выпісваюць штраф на краму. Камеры відэаназірання стаяць не паўсюль, а нават і там, дзе стаяць, вельмі кепская якасць. То заўважыць такое амаль немагчыма.

РР: А калі вы заўважыце падобнае мухлярства – што тады? Гэта ж практычна артыкул Крымінальнага кодэкса!

Францыск Максімавіч: Падобнае іншым разам здараецца. Але, каб не было канфлікту з тымі кантралёрамі, тыя штрафы, якія нам выпісвалі раней, анулююцца, і людзі з такой кантралюючай арганізацыі больш менавіта ў нашу краму не прыходзяць. Але ж кантралюючых структур, падкрэсліваю, развялося вельмі багата – недзе каля сарака…

РР: Гэта ў адной толькі Беларусі каля сарака арганізацый, якія выпісваюць штрафы?

Францыск Максімавіч: Можа, нават і болей. Я гавару толькі пра сваю ўласную практыку, з чым сутыкаўся непасрэдна. Мінімальны штраф – 650 тысяч беларускіх рублёў. Найбольшыя штрафы выпісваюць за пратэрмінаваны алкаголь ці дзіцячае харчаванне. Гэта міліён мінімум.

РР: А коштам чаго гэтыя штрафы потым пакрываюцца?

Францыск Максімавіч: У нейкіх крамах штрафы пакрываюцца коштам саміх супрацоўнікаў, а на нейкіх кампаніях кампенсуецца бюджэтам фірмы. Але “у мінусе” усё адно будуць супрацоўнікі крамаў.

РР: У беларускіх крамах крадуць?

Францыск Максімавіч: Калі размова ідзе пра маленькую краму, то гэта амаль немагчыма – там усё навідавоку. А вось у вялікіх сеткавых гіпермаркетах… Адкрыю невялічкую таямніцу: у вялікіх крамах вельмі паганая сістэма відэаназірання. Шмат “мёртвых зонаў”, не надта добрая якасць карцінкі. І калі нехта з пакупнікоў скраў тавар, давесці гэта амаль немагчыма. І вось, пасля пераўліку, усе гэтыя хібы ахоўнікаў і сістэмы відэаназірання кладуцца на супрацоўнікаў крамы. У некаторых буйных крамах даходзіць нават да таго, што супрацоўнікі раз на год адпрацоўваюць цэлы месяц без зарплаты, каб пакрыць усе выдаткі.

РР: А якая сярэдняя зарплата ў краме? Колькі, напрыклад, атрымлівае звычайная касірка?

Францыск Максімавіч: Раней, да крызісу, гэта была лічба ў 6-7 міліёнаў. Цяпер жа сярэдняя зарплата – 3-4 міліёны. Самая вялікая зарплата – каля 25 міліёнаў.

РР: І хто столькі атрымлівае?

Францыск Максімавіч: Ёсць кіруючая крамай, ёсць кіруючая пяццю крамамі, ёсць кіруючая ўсі

мі крамамі вобласці. Ну, і гэтак далей…

РР: Калі паглядзець кошты ў польскіх ці ўкраінскіх супермаркетах, то Беларусь тут моцна прайграе.

Францыск Максімавіч: Прычын тут некалькі. Па-першае, Беларусь пагэтуль не ўступіла ў Сусветную гандлёвую арганізацыю. Па-другое, большая частка тавараў прыходзіць да нас з Расеі, дзе зарплаты яшчэ нядаўна былі значна вышэйшымі і таму тыя тавары былі разлічаныя менавіта “пад іх”. У нас вельмі мала якасных і недарагіх тавараў з Еўразвязу.

РР: Але ж у Беларусі ёсць і польскія, і ўкраінскія тавары. Гэта неяк стымулюе зніжкі на кошты?

Францыск Максімавіч: Абсалютна ніяк не стымулюе. Пакуль той жа польскі тавар даходзіць да паліцы, на ім “накручваюць” шмат пасярэднікаў, цэлыя ланцужкі. Гэтыя “ланцужкі” грошы і накручваюць. 

РР: Што трэба зрабіць, каб кошты ў беларускіх супермаркетах сталі хаця б такімі, як у Польшчы?

Францыск Максімавіч: Прыбіраць Міністэрства гандлю. Рабіць рынкавыя рэформы. Даваць зялёнае святло індывідуальным прадпрымальнікам. А што мы маем? Прыватны бізнэс задушылі, а вялікія гандлёвыя сеткі сталі манапалістамі.

У адным толькі Менску налічваецца каля 1100 крамаў, якія гандлююць прадуктамі харчавання. Большая іх частка належыць да сеткавых супермаркетаў.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя