Як працуюць сёння незалежныя прафсаюзы на прадпрыемствах?



Кіраўнік пярвічнай арганізацыі прафсаюза РЭП Менскага трактарнага завода Міхаіл Громаў распавёў, што працаваць “даволі няпроста”.

Міхаіл Громаў: Я адпрацаваў на МТЗ каля 17 год, але ў кастрычніку мінулага году быў звольнены пасля таго, як увайшоў у страйкам прадпрыемства. Знайшлі да чаго дачапіцца – маўляў, некаторы час адсутнічаў на працоўным месцы.

Стварылі на заводзе “пярвічку” РЭП, хаця працаваць даволі няпроста. Памяшкання свайго няма, я таксама маю зносіны з сябрамі нашага прафсаюза, не маючы доступ на прадпрыемства.

РР: А з афіцыйным прафсаюзам “Белпрамаш” якія ў вас стасункі?

Міхаіл Громаў: “Белпрафмаш” раней заяўляў на сваім сайце, што ў гэты прафсаюз уваходзіць каля 90 працэнтаў работнікаў Менскага трактарнага завода. У мяне гэтыя лічбы выклікаюць вялікія сумненні, бо ў жніўні мінулага года было вядома, што 15 працэнтаў работнікаў першапачаткова не ўступалі ў “Белпрафмаш”, а пасля жнівеньскіх падзей рабочыя сталі дружна пакідаць афіцыйны прафсаюз. Я і сам там раней быў, але вырашыў, што толку з яго ніякага няма. Ды і ў многіх іншых рабочых гэты прафсаюз больш асацыіруецца не з абаронай правоў працоўных, а з нейкімі санаторнымі пуцёўкамі са зніжкамі ды іншымі ільготамі.

Па непацверджанай інфармацыі, пасля выбараў на заводзе шмат рабочых пакінула “Белпрафмаш”, але не выключана, што зараз людзям нешта прапануюць, каб іх туды вярнуць. Самае цікавае, што тыя, хто выходзіць з афіцыйнага прафсаюза, не спяшаюцца ўступаць у незалежны. Мы пыталіся: чаму так? Адказваюць: “Пачакаем”.

А чаго чакаюць? Невядома. Дарэчы, большасць з тых, хто ўступіў у наш прафсаюз – гэта інжынерна-тэхнічныя работнікі, а вось рабочых не так і шмат. Рабочыя стараюцца не свяціцца, а пасядзець у “засадзе”. Яны чакаюць, што за іх правы павінны змагацца іншыя.

РР: Колькі сябраў зараз у вашай “пярвічцы”?

Міхаіл Громаў: На пратэстнай хвалі прыйшло шмат новых сябраў, але зараз гэты працэс запаволіўся. На гэты момант у нашай заводскай “пярвічцы” – каля 100 чалавек, але не хачу называць дакладныя лічбы, бо гэтую ж інфармацыю настойліва спрабуе даведацца і адміністрацыя завода. І пажадана, каб былі вядомы імёны і прозвішчы.

Таму мы нікому інфармацыю пра сябраў “пярвічкі” не перадаем, трымаем яе, можна сказаць, у сакрэце. Мы яшчэ не настолькі моцныя, каб змагацца з адміністрацыяй прадпрыемства і сістэмай, якая можа перамалоць кожнага чалавека. Каб рабочы не баяўся публічна заявіць, што ён уступіў у незалежны прафсаюз, трэба, каб у краіне працавалі законы. На гэты момант законы абсалютна не працуюць, а таму даводзіцца “шыфраваць” сваіх людзей.

Але, паколькі мяне выбралі кіраўніком пярвічнай арганізацыі прафсаюза РЭП на Менскім трактарным заводзе, я паставіў у вядомасць пра існаванне нашай структуры кіраўніцтва прадпрыемства і “Белпрафмаш”. Таксама ўказаў, што, згодна з заканадаўствам, адміністрацыя завода абавязана прадаставіць офіснае памяшканне для працы прафсаюзнай арганізацыі, калі для гэтага ёсць тэхнічныя магчымасці. Думаю, на МТЗ свабодных памяшканняў хапае, бо некаторыя здаюцца ў арэнды. Што, на тэрыторыі вялікага прадпрыемства не знойдзецца 7 квадратных метраў?

Нам, дарэчы, так і не далі памяшканне. Сказалі, што мы не зарэгістраваны, хаця зрабіць гэта без юрыдычнага адраса немагчыма. А гэты адрас прадаставіць ніхто не хоча. Усе баяцца.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: Васіль Федасенка / Reuters