Як укладчыкі адрэагуюць на новы дэкрэт?
Аляксандр Лукашэнка падпісаў дэкрэт №7 «Аб прыцягненні грашовых сродкаў ва ўклады (дэпазіты)».
Згодна з дакументам, цяпер укладчыкі будуць плаціць падаходны падатак (13%) з атрыманага даходу. Гэтая норма ўступіць у сілу з 1 красавіка 2016 года і будзе тычыцца большасці дэпазітаў. Выключэнне зроблена для рублёвых укладаў на год і больш, а таксама валютных укладаў на два гады і больш.
Акрамя гэтага, цяпер банкі будуць прапаноўваць кліентам так званыя адкліканыя і безадкліканыя ўклады. Апошнія будуць мець больш высокую стаўку, аднак іх можна будзе зняць раней за тэрмін заканчэння дагавора толькі са згоды банка.
Новы дэкрэт не будзе распаўсюджвацца на ўжо дзеючыя дэпазіты, піша nn.by.
«Мы не ставілі мэтай прыцягненне дадатковых даходаў у бюджэт. Гэтыя сумы нязначныя, — заявіў сёння першы намеснік старшыні Нацыянальнага банка Беларусі Тарас Надольны. — Любое новаўвядзенне на фінансавым рынку ўспрымаецца крытычна. Хутчэй за ўсё, на першым этапе, пакуль будуць тлумачыцца прававыя аспекты дэкрэта №7, пэўны адток можа быць. Але ў доўгатэрміновай перспектыве насельніцтва сыдзе ў «доўгія» дэпазіты».
Старшы аналітык кампаніі «Альпары» Вадзім Іосуб так пракаментаваў новаўвядзенні па дэпазітах.
Вадзім Іосуб: З аднаго боку – змены даволі істотныя. З другога – дастаткова супярэчлівыя. Усе наступствы гэтага дакумента цяжка цяпер прадказаць, многае стане зразумела падчас рэалізацыі. Але зразумела памкненне Нацбанка зрабіць больш устойлівай і прагназуемай рэсурсную базу для банкаў. Каб тыя прасцей маглі планаваць свае актыўныя аперацыі – выдаваць крэдыты. І суадносна, зрабіць рэсурсную базу для банкаў больш таннай, што прывядзе, па ідэі распрацоўшчыкаў, да зніжэння адсоткаў па крэдытах.
РР: Як могуць адрэагаваць укладчыкі на новаўвядзенне?
Вадзім Іосуб: Таксама цяжка прадказаць. Калі ідэя зводзілася да таго, каб стымуляваць укладчыкаў захоўваць грошы на доўгатэрміновых дэпазітах, бо кароткатэрміновыя стануць непрыбытковымі, то рэакцыя можа быць іншай – укладчыкі здымуць рублі з кароткатэрміновых дэпазітаў, ды перавядуць іх у валюту. Не думаю, што нехта будзе захоўваць дома нацыянальную валюту. Таму, негатыўным наступствам дэкрэта можа стаць узрастанне попыту на валюту і яшчэ большая далярызацыя структуры дэпазітаў насельніцтва.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя