Як улады плануюць спрыяць малому бізнесу?
Мараторый на планавыя праверкі да 2020 года, спрашчэнне падаткаабкладання для дробных гандлёвых і харчовых кропак. Такія меры ўтрымліваюцца ў праекце ўказа аб спрыянні развіцця малога бізнесу, які распрацавала беларускае Міністэрства гандлю. Дакумент стварылі па выніках працы грамадска-кансультацыйнага савету пры ўдзеле Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва.
Як адзначае старшыня аб’яднання індывідуальных прадпрымальнікаў «Перспектыва» Анатоль Шумчанка, мараторый на праверкі – гэта добра, але неабходна змяніць заканадаўства, каб праверкі не неслі аграмадных фінансавых пакаранняў для малога бізнесу.
– Трэба змяніць сам падыход у малым бізнесе. Трэба змяняць заканадаўства, перадусім меры адказнасці, адмяняць канфіскацыю і вялізныя штрафы, якія руйнуюць бізнес. І насамрэч гаварылі пра тое, што трэба ўвесці мараторый на праверкі. Але нашы прадпрымальнікі пачынаюць гаварыць пра тое, што мараторый уведзены, але законы, якія разбураюць наш бізнес, застаюцца. І атрымліваецца, што нават калі 3 гады не будзе праверак, то пасля прыйдуць і налічаць напоўніцу.
Праект указа ўзгоднены у розных інстанцыях. Ці праект указа будзе падпісаны без зменаў і ці ўвогуле будзе падпісаны – пакуль невядома. Аляксандр Лукашэнка на нарадзе па развіцці бізнесу заклікаў спрасціць кантрольныя працэдуры ды падвысіць дзелавую актыўнасць у Беларусі.
Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: kommersant.ru