Як улады прастымулююць дзелавую актыўнасць?



Сустаршыня Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Віктар Маргелаў распавядае пра тое, як ідзе праца над дакументамі па паляпшэнні ўмоў працы для бізнеса.

Нагадаем, у працоўную групу па стымуляванні дзелавой актыўнасці ўвайшлі прадстаўнікі дзяржаўных органаў і бізнеса. Прапановы групы павінны быць прадастаўлены кіраўніку краіны.

Віктар Маргелаў: Ужо правялі працу працоўныя падгрупы, на ўрадавыым узроўні падымаліся пытанні па адміністрацыйных працэдурах і ліцэнзаванні. У гэтым накірунку рыхтуюцца сур’ёзныя змены. Спачатку думалі, што ўсё гэта ў будучым неабходна замацаваць спецыяльнымі указамі, але пасля зразумелі, што не паспяваем. Таму вырашылі, што ў выніковы дакумент для кіраўніка краіны неабходна ўключыць палажэнні, якія датычацца гэтай дзейнасці для таго, каб на працягу трох месяцаў можна было радыкальна скараціць і адміністрацыйныя працэдуры, і ліцэнзіі. Мяркуем, што ўсё гэта будзе замацавана ў адмысловым дэкрэце. Таму нашы прапановы ўжо перададзены, думае, што ў бліжэйшы час улады сфарміруюць праект дэкрэта. Чакаем вынікаў ужо да канца гэтага месяца.   

РР: Ці можна казаць, што ўлады пачулі голас прадпрымальніцкай супольнасці?

Віктар Маргелаў: Нельга сказаць, што не пачулі, але да таго часу, пакуль не ўбачым праект дэкрэта, і пляскаць у далоні не варта. Хаця тыя нашы прапановы, якія ўжо выпрацаваны, Адміністрацыя прэзідэнта ўхваліла. Праўда, пакуль на словах. Таму галоўнае пытанне: ці будуць гэтыя прапановы замацаваны яшчэ і на справе – на заканадаўчым узроўні? Скажам так, некаторы аптымізм у нас прысутнічае, але пабачым, што атрымаецца “на выхадзе”.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя