Як улады вырашаць праблему беспрацоўя?



Старшыня Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук распавядае пра тое, да чаго прывяла барацьба ўладаў з “дармаедамі”.

Аляксандр Ярашук: Я лічу, што ўлады так і не набраліся мужнасці прызнаць наяўнасць праблемы ў сферы занятасці, пра што сведчыць фантастычная лічба беспрацоўя – 0,6 адсоткаў. І гэта, натуральна, вельмі дрэнная навіна. Бо калі не пастаўлены дыягназ, то і лячэння таксама не варта чакаць. У нас лічаць, што хваробы проста няма. Улады як быццам крыху ўстрапянуліся пасля вясновых пратэстных маршаў супраць дэкрэта аб “дармаедах”, але затым хваля сыйшла і ізноў усё звялося да таго, што, маўляў, трэба працягваць гэтую палітыку. З гэтым, на вялікі жаль, заканчваем год і пойдзем у наступны.

РР: Ці будзе нейкім чынам вырашацца праблема беспрацоўя?

Аляксандр Ярашук: Як мне падаецца, у наступным годзе ў гэтым плане нічога прынцыповага не будзе вырашана. То бок, улады сваімі адмовамі ладзіць эканамічныя рэформы, вырашаць праблемы занятасці насельніцтва, пацвярджаюць нашы самыя сумныя прагнозы наконт будучага ў сферы працоўных адносін, будучага ў дачыненні да годнай працы і годных заробкаў. Думаю, сітуацыя ў бліжэйшыя гады не будзе паляпшацца. Яна не будзе насіць абвальны характар, але ў той жа час мы будзем назіраць стагнацыю ў гэтай важнай сферы. Чым гэта закончыцца і калі, вельмі цяжка прагназаваць. Але нічым добрым – дакладна.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя