Як улады збіраюцца падвышаць заробкі?



Старшы аналітык кампаніі “Альпары” Вадзім Іосуб пракаментаваў метады, якімі ўлады збіраюцца дасягаць заробку ў 500 даляраў.

„Ушчыльняйцеся, скарачайцеся, эканомце, але за кошт эканоміі, вытворчасці працы мы павінны даць  нармальны заробак, — даваў днямі Аляксандр Лукашэнка ўстаноўку на дасягненне задачы па дасягненні заробку ў 500 даляраў. – Гэтыя тры пытанні будуць пастаянна на кантролі”.

Вадзім Іосуб: На словах магчыма ўсё, але практыка паказвае, што тыя задачы, што сёння ставіць беларускі кіраўнік, супярэчаць яго папярэднім прапановам, якія гучалі таксама не вельмі даўно. Да апошняга часу казалася пра тое, што трэба падвышаць занятасць працы і апошні раз гэтыя тэзісы гучалі на мінулым тыдні. Атрымліваецца, што вертыкаль атрымлівае супрацьлеглыя сігналы з нагоды таго, ці можна падвышаць заробкі за кошт звальнення людзей.

РР: Ці ёсць умовы для падвышэння вытворчасці працы?

Вадзім Іосуб: Відавочна, што рэзка нарасціць выпуск прадукцыі ў прынцыпе немагчыма. Гэта, калі мы кажам пра тое, што прадукцыя не будзе ляжаць на складах. Але тая прадукцыя, што прадаецца, і так робіцца ў максімальных аб’ёмах. Таму гэта не можа асабліва паўплываць на падвышэнне заробкаў. І ў такой сітуацыі падвышэнне вытворчасці працы з’яўляецца сінонімам занятасці.

РР: А што датычыцца эканоміі…

Вадзім Іосуб: Эканомія – гэта дастаткова агульны лозунг. Калі казаць пра вытворчасць на любым прадпрыемстве, то пытанне эканоміі і так заўсёды актуальнае, таму дзіўным выглядае заклік беларускага кіраўніка эканоміць. Пра эканомію прадпрыемствам трэба пастаянна клапаціцца. Асабліва ва ўмовах, калі дадаткова навешваюцца розныя невытворчыя выдаткі, як, напрыклад, падтрымка сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, утрыманне на балансе санаторыяў і гэдак далей.

РР: У такім выпадку ці ёсць верагоднасць, што для падвышэння заробкаў могуць пачаць друкаваць грошы?

Вадзім Іосуб: Мне падаецца, што гэтая верагоднасць вельмі нізкая, бо сёння для ўсіх відавочна, да якіх негатыўных наступстваў гэта можа прывесці. Пачне расці курс замежных валют і ў хуткім часе акажацца, што ў валютным эквіваленце ізноў не дасягнулі мэты. Здаецца, гэты просты тэзіс зразумелі і ва ўрадзе, і ў Нацбанку.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя