Як урад будзе ствараць 50 тысяч працоўных месцаў?



«Важна не тое, колькі створаць новых працоўных месцаў, а колькі пры гэтым іх будзе скасавана», — кажа прафсаюзы актывіст Генадзь Фядыніч.

 Прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў, прадстаўляючы ў парламенце праект праграмы дзейнасці ўрада Беларусі на перыяд да 2020 году, заявіў, што прадугледжваюцца механізмы, якія дазволяць стварыць у 2016 годзе 50 тысяч новых працоўных месцаў, паведамляе БелаПАН.

Са слоў Кабякова, «існуюць планы па мадэрнізацыі вытворчасцей, структурнай перабудове эканомікі”. Акрамя таго, маўляў, будзе стымулявацца малы і сярэдні бізнес.

Генадзь Фядыніч: Калі б Кабякоў сказаў, што ў 2016 годзе будзе страчана 50 тысяч працоўных месцаў, бо вытворчасці спыняюцца, гэта было б бліжэй да ісціны. Гэтыя месцы, безумоўна, можна штучна стварыць, але ж важна не тое, колькі створаць новых працоўных месцаў, а колькі пры гэтым іх будзе скасавана. Можа на паперы створаць 50 тысяч месцаў, а скасуюць у тры разы болей.

РР: Статыстыка і сведчыць, што з прадпрыемстваў больш звальняецца людзей, чым прымаецца на працу…

Генадзь Фядыніч: Выйсце са становішча будзе тады, калі адбудуцца рэформы ў эканоміцы. Прадпрыемства, натуральна, можа трымаць справаздачу, што, маўляў, яны стварылі столькі і столькі працоўных месцаў, але ж праблему гэтая справаздача не вырашыць. Да таго ж, калі і пачынаць варушыцца ў гэтым накірунку, то найперш трэба пачынаць з рэгіёнаў, а не са сталіцы.

РР: На каго тады разлічаны такія заявы?

Генадзь Фядыніч: На народ, каб той верыў, што ўрад робіць усё магчымае і немагчымае, каб усе працавалі. Але ж казаць можна шмат, а людзі ацэньваюць сітуацыю, зыходзячы з уласнага досведу. Рабочыя з раённых цэнтраў прыязджаюць на працу ў сталіцу, бо на месцы не могуць працаўладкавацца. Калі ўжо ў такіх буйных гарадах як Баранавічы ці Барысаў гэта становіцца праблемай, то становішча складанае. А казаць, паўтаруся, можна што заўгодна. Гэта больш падобна на савецкія метады прапаганды.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя