Як вырашыць праблемы тэхрэгламенту Мытнага саюза?



Улады прызналі наяўнасць праблем, звязаных з рэалізацыяй норм тэхнічнага рэгламенту Мытнага саюза «Аб бяспецы прадукцыі лёгкай прамысловасці». Пра гэта паведаміў старшыня грамадскага аб’яднання «Перспектыва» Анатоль Шумчанка.

Ён удзельнічаў  у пасяджэнні грамадска-кансультацыйнай рады па пытаннях развіцця прадпрымальніцтва, інвестыцый і інавацый пры Міністэрстве эканомікі. Прадстаўнік Дзяржстандарту, паводле Шумчанкі, указаў на разыходжанне шэрагу тавараў лёгкай прамысловасці з патрабаваннямі тэхрэгламента.

– Даходзіць да абсурду: дзіцячы абутак беларускага вытворцы важыць больш, чым дазволена рэгламентам, або карнавальны касцюм перавышае ровень гідраскапічнасці і ён не можа быць выстаўлены ў продаж. А па нашых праблемах мы чарговы раз сказалі, што немагчыма выканаць патрабаванні, трэба іх карэктаваць. Ва ўсялякім выпадку, сваю пазіцыю мвы агучылі.

Прадстаўнік Дзяржстандарту прадставіў вынікі маніторынгу па рэалізацыі тавараў лёгкай прамысловасці ў Расеі. Ён паказаў, што тры чвэрці тавараў лег-прама рэалізуецца ў Расеі нелегальна. Анатоль Шумчанка са свайго боку, заявіў прысутным, што пытанне крайняга тэрміну рэалізацыі рэшткаў прадукцыі легпрама цяпер «стаіць востра».

– Чыноўнікі з рэгіёнаў падтрымалі пазіцыю, якую я выказаўад імя “Перспектывы” і прадпрымльнікаў, сказалі, што праблема сапраўды ёсць і вырашаць яе трэба зараз, а не пакідаць на пасля.

Нагадаем, указ Лукашэнкі № 222, прыняты ў падтрымку тэхрэгламенту Мытнага саюза, уступіў у сілу 1 ліпеня гэтага года. Ён абавязаў ІП мець сертыфікаты і дакументы на ўсе тавары, якія ўвозяцца ў Беларусь. Рэшткі тавараў, увезеных да ўступлення ўказа ў сілу, дазволена прадаваць па старых правілах да 1 сакавіка наступнага года. ІП, у сваю чаргу, заяўлялі, што не змогуць працаваць па новых правілах.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота gosstandart.gov.by